Падоўжылі тэрмін дзеяння чэкаў «Маёмасць»
- 12.06.2025, 16:01
Гэтыя чэкі выдаваліся людзям падчас прыватызацыі ў 1994-1997 гадах.
У Беларусі падоўжылі тэрмін дзеяння імянных прыватызацыйных чэкаў» Маёмасць» да 31 снежня 2030 года. Пра гэта паведаміў Дзяржаўны камітэт маёмасці.
Гэтыя чэкі выдаваліся людзям падчас прыватызацыі ў 1994-1997 гадах. Імі карысталіся, каб атрымаць уласнасць на кватэры і дамы. Цяпер іх можна альбо захаваць да заканчэння тэрміну і атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы, альбо абмяняць на акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў.
Абмяняць можна чэкі, атрыманыя асабіста, а таксама тыя, што былі атрыманыя ў спадчыну або падораныя блізкімі сваякамі. Але ёсць абмежаванне - не больш за 250 чэкаў на чалавека за ўвесь перыяд бясплатнай прыватызацыі. Да блізкіх сваякоў належаць бацькі, дзеці, муж або жонка, браты і сёстры, унукі, бабулі, дзядулі, а таксама цесць, цешча, свёкар і свякроў.
Паводле звестак «Беларусбанка», чэкі можна абмяняць на акцыі амаль 160 адкрытых акцыянерных таварыстваў. Напрыклад, гэта Віцебскі маторарамонтны завод, прадпрыемства «Камволь», «Доследны завод металаканструкцый» у Менску, Пружанскі льнозавод, «Гомельбудматэрыялы», Камянецкі Райаграсэрвіс і іншыя.