З Менска запусцяць яшчэ адну хуткасную электрычку
- 12.06.2025, 16:51
Праект маюць намер рэалізаваць за 3-4 гады.
Карысны для падарожнікаў чыгуначны маршрут хочуць запусціць у Беларусі, паведаміў першы намеснік гендырэктара Кампаніі развіцця індустрыяльнага парку Кірыл Карацееў, піша БелТА.
Ажыццявіць задуманае плануюць да 2028-2029 гадоў.
Размова ідзе аб чыгуначных злучэннях паміж беларускай сталіцай і нацыянальным аэрапортам «Мінск» з адным прыпынкам на станцыі «Вялікі камень».
Праект пакуль знаходзіцца ў рабоце.
«Гэта доўга праектавалася, абмяркоўвалася. Былі летась грамадскія абмеркаванні гэтага праекта. Сёлета прынятая пастанова пачаць будаўніцтва. Цяпер фармуюцца крыніцы фінансавання. Мы як парк пэўныя мерапрыемствы плануем зрабіць. Тэрміны рэалізацыі - да 2028-2029 гадоў, калі пойдуць першыя цягнікі», - растлумачыў эксперт.
Чыгуначная галінка будзе будавацца практычна з нуля. Менавіта таму на рэалізацыю задуманага прадугледжана некалькі гадоў.
Хуткасная электрычка па маршруце будзе адпраўляцца з цэнтральнага чыгуначнага вакзала Менска. Яе шлях праляжа паралельна аўтадарозе М2 у кірунку аэрапорта.