BE RU EN

Эканаміст расказаў аб афёры ў сферы ЖКГ у Беларусі

  • 12.06.2025, 17:19

Улады расказваюць казкі аб субсідаванні.

Нядаўна Беларусь увайшла ў топ-краін з самай нізкай «камуналкай». Эканаміст Андрэй Махоўскі патлумачыў, чаму радавацца гэтаму хутчэй не варта.

У рэйтынгу Numbeo наша краіна размясцілася на 98-м месцы са 124.

— Дзяржаўныя медыі вельмі заганарыліся гэтым рэйтынгам, расказваючы, якая ў нас даступная «камуналка». Але даволі хутка сцямілі, што гэта не вельмі добра, бо беларускія суседзі ў гэтым рэйтынгу - такія краіны, як Зімбабвэ і Нігерыя, - кажа Махоўскі ў эфіры «Еўрарадыё».

- Калі кажуць аб даступнасці «камуналкі», трэба параўноўваць яшчэ і заробкі. Калі ў Польшчы сярэдні заробак 2400$, і паляк плаціць 300$ за «камуналку (за ўмоўную кватэру 85 м²), то ў яго на руках застаецца 2100$. Калі беларус плаціць умоўна 50$ з сярэдняга заробку 870$, то ў яго застаецца 820$.

Эканаміст адзначае, што танныя камунальныя паслугі сустракаюцца ў бедных краінах, бо людзям за яе няма чым плаціць. А ў кантэксце Беларусі важна яшчэ і ведаць, як у нас фармуюцца кошты «камуналкі»:

- Беларусы плацяць «камуналку» з разліку 24 рублі за 1 Гкал. 1000 кубаметраў газу дазваляе выпрацаваць 8 Гкал. Пры гэтым эканамічна абгрунтаваны тарыф у Беларусі - 132 рублі за 1 Гкал.

Дык вось, калі пералічыць кошт газу на колькасць гігакалорый, выйдзе, што ўлады ўважаюць за эканамічна абгрунтаваны тарыф, пры якім 1000 кубаметраў газу мусіць каштаваць 350$. А Беларусь набывае яго па 128$. Нармальная такая нацэнка для тых, каго ўважаюць за «дармаедаў» (яны плацяць паводле эканамічна абгрунтаванага тарыфу).

Усім астатнім аплата камунальных паслуг сапраўды субсідуецца, але за кошт прадпрыемстваў. Прадпрыемствы атрымліваюць газ ад дзяржавы з разліку яго цаны 220$. Пры гэтым дзяржава яго набывае па 128$. Гэта значыць, нацэнка каласальная. У нас МАРГ штрафуе, калі нехта дазволіў нацэнку 15%, ну дык дзяржава дазваляе яшчэ больш.

Гэта значыць, адносна танныя кошты «камуналкі» бяруцца за кошт рабавання тых, хто вымушаны плаціць павышанымі тарыфамі.

Гэтае перакрыжаванае субсідаванне значыць, што вам на заводзе не даплачваюць заробак, бо завод вымушаны плаціць падвышаны кошт.

Так што апавяданні пра тое, што беларусы не даплачваюць за «камуналку», - гэта ўсё казкі, рэзюмуе Андрэй Махоўскі.

- Беларусы плацяць за «камуналку», толькі не наўпрост, а заробкамі, якія ім не даплачваюць кампаніі і заводы, бо яны вымушаныя плаціць за газ і электрычнасць паводле моцна завышаных тарыфаў. Калі шчыра сказаць - давайце ўсе будуць плаціць аднолькава, тады дзяржава не зможа выступіць у ролі дабрадзея.

Апошнія навіны