Французскі дэпутат: Расейская хлусня цяпер выкрытая
- 13.06.2025, 9:45
Украіна здабыла для Еўропы час.
Ці можа Еўропа абараніць Украіну без ЗША? Чаму Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін цягнуць час? Якая краіна можа стаць наступнай ахвярай агрэсіўнай палітыкі Крамля? Што чакае Беларусь?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з дэпутатам французскага парламента Фрэдэрыкам Пэці.
- Якія мэты пераследуе адміністрацыя Трампа, ціснучы на Украіну з нагоды ўдзелу ў перамовах аб так званым мірным пагадненні?
- Я не вельмі высока гэта ацэньваю. Не ўпэўнены, што ў амерыканскай адміністрацыі ёсць мэты. Не ведаю, ці знаходзяцца яны наогул на ўзроўні добрага разумення таго, што адбываецца ў гэтым рэгіёне.
Для мяне гэта складаная сітуацыя. Калі хтосьці кажа, што ўсё развяжацца цягам 24 гадзін, а потым публічна заяўляе, што Пуцін вар'ят, то я не ведаю, ці ёсць наогул у яго мэта. Бягучы момант - расейская хлусня цяпер выкрытая. І гэта дзякуючы Зяленскаму. Баюся, што мы знаходзімся ў тым перыядзе, калі ў крамлёўскай адміністрацыі і адміністрацыі Трампа ёсць агульная цікавасць у зацягванні часу. Гэта можа працягвацца і далей: на гэтым тыдні я кажу «так», і на наступным тыдні я кажу «так», і потым кажу «так», а цяпер выкажуся праз мемарандум і гэтак далей. Бо для Пуціна гэта палёгка, ён усё роўна кожны дзень прасоўваецца на два кіламетры (пры велізарных стратах асабовага складу).
Для Трампа гэта магчымасць, калі ён зможа сказаць: «Глядзіце, я нешта зрабіў», - і праз тры гады, калі ён нарэшце сыдзе на пенсію, будзе кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію.
Ёсць адна рэч, якую я бачу ў гэтай сітуацыі (можа, я памыляюся): я быў ва Украіне некалькі тыдняў таму, і адчуваю, што гэтая сітуацыя дае Еўропе крыху больш часу для самаарганізацыі.
Думаю, што нам таксама трэба падрыхтавацца. «Расейска-літоўская вайна» ўжо пачалася. У Маскве выйшла новая кніга з прадмовай Лаўрова «Гісторыя Літвы», у якой гаворыцца, што літоўскай мовы не існуе, што адзінымі добрым перыядам для Літвы былі часы, калі яна была ў складзе імперыі, што немагчыма зразумець гісторыю Літвы, не звязваючы яе з гісторыяй Беларусі, і гэтак далей. Гэта нагадвае артыкул Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў» лета 2021 года, які стаў першым крокам да адкрытай вайны ва Украіне. Думаю, мы ўжо ў гэтым пункце.
- Наступнай мішэнню для Крамля могуць стаць краіны Балтыі?
- Так.
- Сёння Трамп можа выказваць надзвычайную павагу у дачыненні да Пуціна, на наступны дзень могуць быць пагрозы. Чаму такая рэзкая змены рыторыкі?
- Тут няма стратэгіі. Гэта геапалітычны падыход, заснаваны на перманентным шоў. Як можна размяшчаць гэтую мітусню толькі ў Х, а не ў дэкларацыях, не ў вывераных тэкстах, якія можна аналізаваць? Для мяне гэта не геапалітыка, гэта хлопец, які гуляе ў гольф, а часам — з тэлефонам. Я не магу і не хачу шукаць стратэгію там, дзе яе няма. Ён адчувае, што людзі ўжо стаміліся. І ён рэагуе, гэта проста рэакцыя. Гэта не стратэгія, гэта не дзяржаўны дзеяч.
- Калі б ЗША адмовіліся ад падтрымкі Украіны, змагла б Еўропа падтрымаць Украіну самастойна (без ЗША)?
- Гэта будзе складана, але я перакананы, што мы павінны гэта зрабіць, бо мы наступныя ў спісе.
- Выкажам здагадку, калі б ЗША адмовіліся ад падтрымкі Украіны ўжо сёння, то, несумненна, узніклі б вялікія праблемы…
- Але ж так ужо было: ЗША спынілі дзяліцца выведвальнымі звесткамі, і адразу ж заўважылі, што гэта глупства. Не думаю, што гэта адбудзецца зноў. Варта адзначыць, гэта вайсковыя рэчы, якія носяць сакрэтны характар, і мне не хацелася б удавацца ў падрабязнасці. Пытанне цяпер не актуальнае - не таму, што мы слабыя, нам не трэба змагацца або падпарадкоўвацца. Я не думаю ў гэтых катэгорыях.
Аднак гэта не мяняе таго факту, што на нас нападалі, гэта наша канфрантацыя, і мы павінны сарганізавацца як мага хутчэй. Пытанне, што рабіць.
- Ці думаеце вы, што існуе рызыка, што Еўропа застанецца адна без падтрымкі ЗША, свайго самага важнага хаўрусніка?
- Цяпер мы з вамі пра гэта можам размаўляць. Пяць гадоў таму гэта было б неймаверна. Цяпер гэта можна ўявіць. Але ці веру я ў гэта? Не. Не ў найбліжэйшай будучыні.
Я неўзабаве лячу з калегамі з Еўропы ў Вашынгтон. Перамовы ўсё яшчэ праходзяць. Амерыка - вялікая дэмакратыя. Амерыка - гэта не толькі Трамп.
- Вы мяркуеце, што нягледзячы на магчымае супрацьдзеянне адміністрацыі, нейкую падтрымку Украіне можна прасунуць?
— Так. Напрыклад, Маск выйшаў з DOGE, бо ведае, што гэта не спрацавала. Усе з самага пачатку казалі, што гэта не спрацуе, што гэта былі дурныя пастановы, і цяпер ён сам гэта заўважыў. Выкладваць відэа ў TikTok і Twitter пра тое, як з офісаў выганялі супрацоўнікаў — гэта не палітыка, гэта не працуе. Цяпер адміністрацыю Трампа выклікаюць у суд, бо гэта дэмакратыя. Ёсць суд, і суд скажа, што яны не маюць права выганяць людзей.
Гэта складаны момант для амерыканскай дэмакратыі, але гэта вялікая дэмакратыя. А дэмакратыя - гэта не толькі выбары: ёсць яшчэ і падзел уладаў, ёсць інстытуты, ёсць грамадзяне, якія пачынаюць рэагаваць. Я не веру, што Амерыка стане антыдэмакратыяй.
- Давайце пагаворым пра ЕЗ, якія прыярытэты ў падрыхтоўцы да магчымага супрацьстаяння з Расеяй?
- Вайсковая прамысловасць.
- На сённяшні дзень Беларусь ужо не на першых палосах газет, як гэта было ў 2020 годзе, але тысячы людзей застаюцца ў турмах. Кожны дзень новыя арышты за такія дробязі, як падабайкі ў Facebook. Што б вы хацелі сказаць народу Беларусі?
- Кожны дзень мне даводзіцца размаўляць з калегамі пра палітвязняў. Я - старшыня парламенцкай групы ў гэтай тэме. Наступны форум Каліноўскага пройдзе ў французскім парламенце. Ужо ёсць дамоўленасць. Спікерка пагадзілася, і мы гэтае мерапрыемства арганізуем.
Не будзе развязання праблемы і архітэктуры бяспекі ў Еўропе без Беларусі. Беларусь - гэта не проста праблема, Беларусь стане часткай развязання.