BE RU EN

Кошт нафты значна пайшоў уверх пасля ўдараў Ізраіля па Іране

  • 13.06.2025, 10:21

Ф'ючарсы на марку Brent выраслі да 75 даляраў за барэль.

У пятніцу, 13 чэрвеня, кошт нафты падскочыў на 14% праз удары Ізраіля па Іране. Гэта прывяло да рэзкага абвастрэння на Блізкім Усходзе і выклікала асцярогі з нагоды перабояў у пастаўках нафты.

Выданне Reuters піша, што ф'ючарсы нафты маркі Brent выраслі на 5,43 даляра да 74,79 даляра за барэль, а ф'ючарсы на нафту маркі WTI выраслі на 5,55 даляра да 73,59 даляра за барэль.

Гэты скачок стаў самым вялікім з 2022 года, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну.

Пры гэтым золата паднялося да 3444,06 даляра за ўнцыю, наблізіўшыся да рэкорднага красавіцкага максімуму на 3500,05 даляра.

У той жа час ф'ючарсы на індэкс S&P E-mini ў ЗША ўпалі на 1,6%, а ф'ючарсы на Nasdaq — на 1,7%. Ф'ючарсы на пан'еўрапейскі індэкс STOXX 50 ўпалі на 1,7%.

Ізраіль заявіў, што нанёс удары па ядзерных аб'ектах Ірана, заводах вытворчасці балістычных ракет і вайсковых камандзірах у пачатку працяглай аперацыі, якая накіраваная на прадухіленне стварэння Тэгеранам атамнай зброі.

«Гэта значна падвысіла геапалітычную нявызначанасць і патрабуе ад нафтавага рынку ўліку больш высокай прэміі за рызыку ў сувязі з усімі патэнцыяльнымі перабоямі ў пастаўках», - заявілі аналітыкі ING.

Старэйшы аналітык MST Marquee у энэргетыцы Сол Кавонік заявіў, што канфлікт павінен абвастрыцца да такой ступені, што Іран нанясе ўдар у адказ па нафтавай інфраструктуры ў рэгіёне, перш чым гэта істотна паўплывае на пастаўкі нафты. Паводле яго слоў, у крайнім выпадку Іран можа перашкаджаць пастаўкам да 20 мільёнаў барэляў нафты, атакуючы інфраструктуру або абмяжоўваючы праход праз Армузскі праліў.

"Іран абвясціў надзвычайную сітуацыю і рыхтуецца да мер у адказ, што падвышае рызыку не толькі збояў, але і распаўсюджвання канфлікту на іншыя суседнія нафтаздабывальныя краіны. Хоць Трамп прадэманстраваў нежаданне ўдзельнічаць, уцягванне ЗША можа яшчэ больш узмацніць асцярогі", - сказала Прыянка Сачдзева, старшы аналітык рынку ў Phillip Nova.

Апошнія навіны