BE RU EN

Фондавыя рынкі свету адрэагавалі на ўдар Ізраіля па Іране

  • 13.06.2025, 12:07

Інвестары кінуліся шукаць «ціхія гавані».

У пятніцу фондавыя рынкі Азіі ўпалі, а ф'ючарсы на Уол-стрыт пайшлі ўніз пасля таго, як Ізраіль нанёс вайсковы ўдар па Іране. Інвестары кінуліся шукаць «ціхія гавані», куплялі золата і швайцарскія франкі.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Эскалацыя на Блізкім Усходзе - адзін з ключавых нафтаздабывальных рэгіёнаў - дадала новай няўпэўненасці на фоне ўжо напружанай сітуацыі ў глабальнай эканоміцы, якую пагаршае агрэсіўная і нестабільная гандлёвая палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Золата падаражэла на 1,5%, да $3 434 за ўнцыю, наблізіўшыся да рэкорднай адзнакі $3 500,05, усталяванай у красавіку.

Ф'ючарсы на амерыканскі індэкс S&P 500 упалі на 1,7%, на Nasdaq - на 1,8%, пан'еўрапейскі STOXX 50 - на 1,6%, японскі Nikkei знізіўся на 1,3%, паўднёвакарэйскі KOSPI - на 1,1%, ганконжскі Hang Seng - на 0,8%.

Ізраіль абвясціў надзвычайнае становішча, чакаючы ракетна-дроннага адказу з боку Ірана. Раней ён заявіў пра «прэвентыўны ўдар» у рамках барацьбы супраць іранскай ядзернай праграмы.

Іранскія дзяржаўныя мэдыі пацвердзілі, што ў выніку ўдару загінуў камандзір корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі Хасэйн Саламі. Са слоў Ізраільскага абароннага чыноўніка, сярод загінулых, магчыма, таксама начальнік генштаба Ірана і некалькі вядучых ядзерных навукоўцаў.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё назваў дзеянні Ізраіля "аднабаковымі" і заявіў, што Вашынгтон не мае да гэтага дачынення.

На фоне пошуку бяспечных актываў выраслі кошты на дзяржаўныя аблігацыі ЗША - даходнасць 10-гадовых папер упала да мінімуму за месяц - 4,31%.

Швайцарскі франк падаражэў на 0,4% - да 0,8072 за даляр ЗША, японская ена - на 0,3% да 143,12. Сам даляр таксама выступіў як «ціхая гавань» - яго Індэкс вырас на 0,5% да 98,131.

Еўра знізіўся на 0,4% да $1,1538, часткова адыграўшы рост на 0,9% напярэдадні - да максімуму з кастрычніка 2021 года. Брытанскі фунт апусціўся на 0,5% - да $1,3554, пасля таго, як раней у той жа дзень дасягнуў самай высокай адзнакі з лютага 2022-га - $1,3613.

«Пакуль чакаем далейшых навін і патэнцыйнага адказу Ірана, магчыма, убачым далейшае пагаршэнне настрою на рынку, бо трэйдары закрываюць рызыкоўныя пазіцыі напярэдадні выходных», - адзначыў аналітык кампаніі IG Тоні Сайкамор.

Апошнія навіны