Дакладныя прылёты: партызаны расказалі пра наступствы начных выбухаў у Крыме
- 13.06.2025, 12:35
Праз халатнасць камандавання акупантаў пашкоджаная каштоўная тэхніка.
Уночы пятніцы, 13 чэрвеня, у часова акупаваным Крыме прагучала серыя выбухаў, у выніку якіх сярод расейскіх вайскоўцаў ёсць загінулыя і параненыя.
Пра гэта распавялі ў партызанскім руху «Атэш» са спасылкай на сваіх агентаў у складзе 12 зенітнага ракетнага палка.
Са слоў партызан, ёсць «дакладныя прылёты» па вайсковых аб'ектах расейскіх акупантаў у Сімферопальскім раёне анэксаванага Расеяй паўвострава.
«Як заўсёды, расейцы спрабуюць замаўчаць наступствы, але праўда выйдзе вонкі — вельмі хутка ўсё стане вядома. Нашы агенты паведамляюць, што праз халатнасць камандавання была пашкоджаная каштоўная тэхніка — імаверна зэнітна-ракетны комплекс», — гаворыцца ў публікацыі ў Telegram-канале «Атэш».
Таксама ёсць страты сярод асабовага складу, аднак дакладная колькасць ліквідаваных і параненых пакуль невядомая.
Уночы 13 чэрвеня ў часова акупаваным Крыме прагрымелі шматлікія выбухі. У сацыяльных сетках паведамлялі пра магчымыя атакі беспілотнікаў і працу сістэм супрацьпаветранай абароны.
Паводле звестак суполкі Крымскі вецер, выбухі гучалі ў Севастопалі, Еўпаторыі і Саках, Бахчысарайскім раёне, Сімферопалі, Гвардзейскім, Перавальным, Феадосіі і Алушце.
У Міністэрстве абароны краіны-агрэсаркі РФ паведамлялі пра нібыта знішчэнне над Крымам 70 украінскіх БпЛА.