Ізраіль хітрасцю сабраў камандаванне ВПС Ірана на нараду перад ударам
- 13.06.2025, 19:31
І ведаў, як утрымаць іх там.
Ізраільскім спецслужбам удалося завабіць высокапастаўленых камандзіраў вайскова-паветраных сіл Ірана на нараду перад тым, як па іх нанеслі ўдар.
Аб гэтым паведамляе Fox News са спасылкай на ізраільскага прадстаўніка сіл бяспекі.
«Мы правялі шэраг мэтанакіраваных дзеянняў, якія дапамаглі нам лепш іх вывучыць, а затым выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю, каб паўплываць на іх паводзіны», - адзначыў суразмоўца выдання.
З яго слоў, Ізраіль свядома спрыяў таму, каб іранскія афіцэры сабраліся ў адным месцы - і ведаў, як утрымаць іх там.
Прадстаўнік таксама паведаміў, што аперацыя сталася больш паспяховай, чым чакалася. Паводле інфармацыі крыніцы, ізраільскія сілы нанеслі ўдар па сістэмах СПА і балістычных ракетах, якія прызначаліся для ўжывання супраць Ізраілю.
Уначы 13 чэрвеня Ізраіль нанёс маштабныя авіяўдары па ядзернай інфраструктуры Ірана, атакаваўшы амаль 100 аб'ектаў. Пашкоджаны галоўны аб'ект краіны па ўзбагачэнні ўрану ў горадзе Натанзе. Выбухі раздаваліся і ў Тэгеране.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньяхузаявіў аб пачатку маштабнай ваеннай аперацыі «Народ як леў», цэлямі сталі ядзерная інфраструктура, прадпрыемствы па вытворчасці балістычных ракет і іншыя вайсковыя аб'екты Ірана.
У выніку ўдараў вядома аб гібелі сама меней трох высокапастаўленых чыноўнікаў Ірана, а таксама шэрагу фізікаў-ядзершчыкаў.
Узброеныя сілы Ірана і вярхоўны лідар аятала Алі Хамэнэі прыстрашылі Ізраіль і ЗША «цвёрдым адказам» за начныя ўдары. Іран ужо запусціў на Ізраіль амаль 100 дронаў.