У Літве знішчылі сем тон шакаладных цукерак, якія везлі ў Беларусь
- 13.06.2025, 16:44
Гэтага запатрабавалі ўладальнікі гандлёвага знака Ferrero.
У Клайпедскім марскім порце літоўскія мытнікі знішчылі 7 тон падробленых шакаладных цукерак з надпісам «DEFFERO». Дызайн упакоўкі і надпісы былі ідэнтычныя прадукцыі вядомага брэнда «FERRERO S. P. A.».
Мытнікі западозрылі, што гэта можа быць кантрафактная прадукцыя. Яны затрымалі шакаладныя цукеркі і распачалі расследаванне, паведамляе DELFI.
У транзітнай дэкларацыі было ўказана, што тавар зроблены ў Кітаі. Прадаўцом партыі цукерак была абазначаная балгарская кампанія, а атрымальнікам — беларуская.
Клайпедскія мытнікі звязаліся з прадстаўніком уладальніка таварнага знака «FERRERO S. P. A.», і той пацвердзіў, што затрыманыя шакаладныя цукеркі былі вырабленыя з парушэннем правоў інтэлектуальнай уласнасці. Кампанія FERRERO запатрабавала знішчыць кантрафактную прадукцыю.
Мяркуецца, што калі б затрыманы тавар патрапіў на рынак і прадаваўся як арыгінальная прадукцыя, яго кошт дасягнуў бы 282 тысяч еўраў.