NYT: Трамп змяніў падыход да дэпартацыі
- 14.06.2025, 11:38
Спыненыя рэйды на фермах, у гатэлях і рэстарацыях.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа нечакана змяніла кірунак сваёй палітыкі па масавых дэпартацыях і загадала спыніць рэйды і арышты на прадпрыемствах сельскай гаспадаркі, у гатэльна-рэстаранным сектары і харчовай прамысловасці, паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы.
Адзначаецца, што такая пастанова сведчыць аб тым, што жорсткая іміграцыйная палітыка Трампа пачала шкодзіць тым галінам і выбарцам, падтрымку якіх ён не хоча страціць - перш за ўсё фермерам і ўладальнікам бізнэсу ў сферы абслугоўвання.
Новыя ўказанні паступілі пасля пратэстаў у Лос-Анджэлесе супраць іміграцыйных аблаў, прынамсі, на фермах.
На гэтым тыдні Трамп прызнаў, што яго жорсткія дзеянні шкодзяць амерыканскім аграрыям і гатэльна-рэстараннаму бізнэсу.
У службовым лісце, які ў чацвер, 12 чэрвеня, разаслаў высокапастаўлены супрацоўнік Міграцыйнай і мытнай праваахоўнай службы ЗША (ICE) Татум Кінг, пазначана прыпыніць усе аперацыі на працоўных месцах у сельскай гаспадарцы, уключаючы мясакамбінаты, у рэстарацыях і гатэлях. У той жа час расследаванні па гандлі людзьмі, адмыванні грошай або наркагандлі ў гэтых галінах застаюцца дазволенымі. Аднак агенты больш не павінны затрымліваць людзей, якія проста знаходзяцца ў ЗША без дакументаў, але не маюць крымінальнага мінулага.
Міністэрства ўнутранай бяспекі пацвердзіла гэтыя змены. Яго прэс-сакратарка Трыша Маклафлін падкрэсліла, што намаганні зараз будуць сканцэнтраваныя на затрыманні «самых небяспечных» нелегальных мігрантаў з крымінальным мінулым.
Хаця раней Трамп абяцаў дэпартаваць усіх мігрантаў без легальнага статусу, апошнія дзеянні адміністрацыі сведчаць аб зняцці прыярытэтаў. У сацсетках Трамп напісаў, што фермеры і ўладальнікі гатэляў скардзяцца на страту надзейных работнікаў, якіх складана замяніць.
Паводле крыніц у Белым доме, прэзідэнт прыняў гэтую пастанову пасля таго, як міністр сельскай гаспадаркі Брук Ролінз данесла яму неспакой фермераў праз дзеянні ICE. Таксама на Трампа паўплывалі асцярогі некаторых рэспубліканцаў з сельскіх штатаў, якія мяркуюць, што іміграцыйная палітыка б'е па аграсектары.
Адзначаецца, што гэтыя змены адбываюцца на фоне спроб адміністрацыі нарасціць тэмпы арыштаў. Нядаўна намеснік кіраўніка апарата Белага дома Стывен Мілер заклікаў да штодзённых 3 тысяч арыштаў. Пасля гэтага колькасць затрыманняў вырасла да больш як 2 тысяч за дзень.
Аднак новыя ўказанні аб прыпыненні аперацый сталі нечаканасцю для агентаў ICE. Адзін з чыноўнікаў адзначыў, што супрацоўнікі яшчэ не ведаюць, як менавіта рэалізоўваць новую палітыку без дакладнага сігналу з Белага дома.
У сваім лісце Кінг проста прызнаў, што праз новыя абмежаванні ICE страціць шмат патэнцыйных цэляў для арыштаў.