У Беларусь вязуць авіябомбы і ракеты з Расеі
- 14.06.2025, 11:56
Станцыямі прызначэння з'яўляюцца Ліда (Гарадзенская вобласць) і Прудок (Віцебская вобласць).
Найбліжэйшым часам у Беларусь запланаваны чарговы ўвоз авіяцыйных сродкаў паражэння чыгуначным транспартам. Пра гэта паведамляе Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў са спасылкай на свае крыніцы і аналіз цяперашняй актыўнасці на Беларускай чыгунцы (БЧ).
Згодна з інфармацыяй СБЧ, з 14 да 30 чэрвеня з Расеі ў Беларусь чыгуначным транспартам завязуць авіябомбы і ракеты розных тыпаў. Станцыямі прызначэння гэтых грузаў з'яўляюцца Ліда (Гарадзенская вобласць) і Прудок (Віцебская вобласць). Размешчаны побач са станцыяй Прудок арсенал забяспечвае ўсе асноўныя і рэзервовыя вайсковыя аэрадромы Беларусі і з'яўляецца адзіным такім аб'ектам у краіне.
Работнікам чыгункі загадалі праяўляць павышаную пільнасць да пабочных асоб і нетыповых патэнцыйна небяспечных прадметаў.
Прадугледжаны да ўвозу ў Беларусь аб'ём авіяцыйных сродкаў паражэння разлічаны як мінімум на два вайсковыя эшалоны. Пакуль станцыі адпраўлення расейскіх авіяцыйных боепрыпасаў, іх дакладны аб'ём, а таксама дату адпраўкі выявіць не ўдалося.