BE RU EN

Зяленскі раскрытыкаваў «мірны план» Пуціна

  • 14.06.2025, 16:44

Масква адразу ведала, што Кіеў не прыме такіх умоў.

Расейская "прапанова міру" - гэта не план спынення вайны, а выразна сфармуляваны ўльтыматум, які супярэчыць Канстытуцыі Украіны, міжнароднаму праву і волі ўкраінскага народа.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў інтэрв'ю Newsmax.

- Расея напісала так званую прапанову, і яна выразна разумее: усё, што там напісана, не адпавядае ні Канстытуцыі Украіны, ні закону, ні міжнароднаму праву, ні жаданню ўкраінцаў. Тое, што прапануе Расея, не мірны план - гэта ўльтыматум, напісаны так, каб Украіна ніколі не магла гэта выканаць, - заявіў Зяленскі.

Ён падкрэсліў, што Расея - агрэсар, што напаў на Украіну. І адзначыў, што кампрамісам з'яўляецца ўжо тое, што Кіеў павінен "з забойцамі садзіцца за стол перамоў і аб нечым дамаўляцца".

- Украіна паказвала, што гатова на ўсё дзеля міру. Але на ўсё, акрамя капітуляцыі. Скажам дакладна, што такое спыненне агню, калі не проста спыненне агню? Чаму павінны быць умовы для спынення агню? Як можна казаць аб абароне расейскамоўных людзей, калі расейцы забівалі пераважна менавіта на ўсходзе краіны - там, дзе была большасць тых рускамоўных людзей, якія жылі ва Украіне, - растлумачыў украінскі прэзідэнт.

Ён таксама дадаў, што расейцам недарэчна ўзнімаць пытанне аб "расейскай" царкве.

- Вера - гэта воля чалавека. Свабода. А Пуцін залазіць проста пад самы звон і кажа, каму як хрысціцца. Чалавек можа хадзіць у царкву, ці ў мячэць, ці ў сінагогу і гэтак далей. Гэта воля людзей. А ён расказвае, з якой павагай трэба ставіцца да расейскай царквы. Чаму? Гэта пытанне нават не дзяржаўнае - гэта пытанне царквы, - падсумаваў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Заўважым, што са слоў Зяленскага, расейская дэлегацыя яшчэ знаходзячыся ў Стамбуле сама адкрыта заявіла аб тым, што яе "мемарандум" з'яўляецца ўльтыматумам для Украіны.

Прэзідэнт Украіны запэўніў, што Масква адразу ведала, што Кіеў не прыме такіх умоў.

Апошнія навіны