BE RU EN

Расейцы павальна бягуць з Крыма і скардзяцца на жыццё на паўвыспе

  • 14.06.2025, 17:48

Многія расейцы, якія набылі жыллё ў акупаваным Крыме, з'яжджаюць адтуль пасля некалькіх гадоў.

Расейцы, якія масава скуплялі жыллё ў Крыме пасля акупацыі ў 2014 годзе, прадаюць кватэры і вяртаюцца дадому. Як гаворыцца ў матэрыяле Oboz.ua, прычынамі гэтага стала нежаданне жыць побач з вайскоўцамі, страх патрапіць пад выбух, а таксама адсутнасць працы і высокія кошты.

Рыэлтар з Крыма распавяла выданню, што пачала атрымліваць просьбы ад расейцаў прадаць ці здаць у арэнду жыллё, якое яны купілі ў 2014 годзе. Самі яны жадаюць вярнуцца ў РФ.

- Пражылі яны тут год-два, ёсць тыя, хто і пяць гадоў, але прыйшлі да высновы, што Крым - гэта не для іх. Прычыны розныя. Ад таго, што клімат не падышоў, да «СВА», - распавяла яна.

Яна дадала, што апошнія гады асноўнай прычынай ад'езду сталі вайсковыя дзеянні на акупаванай паўвыспе. Людзей раздражняюць вайсковыя базы, вялікая колькасць вайскоўцаў на вуліцах крымскіх гарадоў, вайсковая тэхніка на дарогах і праверкі.

Журналісты даведаліся, што ёсць і не вайсковыя прычыны, па якіх расейцам не падабаецца жыццё ў Крыме. Часта гавораць, што там няма працы. Асноўная колькасць працоўных месцаў была сканцэнтраваная ў турыстычнай галіне, але зараз такой працы амаль няма. Могуць знайсці працу хіба што майстры: сантэхнікі, электрыкі, аўтамеханікі, будаўнікі і падобныя прафесіі. Таксама можна працаваць у галіне адукацыі ці медыцыне. Але пры гэтым жыхары Крыма распавялі, што заробкі там не адпавядаюць узроўню коштаў.

Таксама ў артыкуле распавядаецца, што раздражняе расейцаў і адсутнасць камунальных выгод. Гэта адключэнне святла, адсутнасць вады, праблемы з каналізацыяй. Акрамя таго, ім не падабаецца мясцовы клімат: пастаянныя высокія тэмпературы летам, высокая вільготнасць і марскія штормы зімой. Некаторыя з расейцаў, якія вярнуліся ў Расею пасля кароткачасовага жыцця ў Крыме, распавялі выданню, што ўспамінаюць той перыяд "з жахам".

Апошнія навіны