У ЕЗ прадаюць стары ВАЗ-2105 коштам новага Toyota Prado
- 15.06.2025, 11:10
Незвычайнае аўто 1984 года выставілі на продаж у Славакіі.
У Славакіі выставілі на продаж незвычайны ВАЗ-2105 1984 года ў новым стане. Седан ацанілі на 50 000 еўраў.
Высокі кошт ВАЗ-2105 на ўзроўні новага Toyota Land Cruiser Prado абумоўлены, першым чынам, тым, што гэта рэдкая гоначная версія Lada VFTS. Пра аўтамабіль расказалі на сайце mobile.de.
Для ралі групы В вырабілі ўсяго 30 спартовых Lada VFTS на базе ВАЗ-2105/2107. Вытворчасцю гоначных машынаў займалася Віленская фабрыка транспартных сродкаў. Аўто атрымала допуск да спаборніцтваў ад Міжнароднай федэрацыі аўтаспорту (FIA).
Седан Lada VFTS абсталявалі гоначным 2,0-літровым рухавіком магутнасцю 228 к. с. Таксама ўсталявалі самаблакавальны дыферэнцыял, гідраўлічны «ручнік», цалкам новыя падвеска і тармазы.
Ад стандартнага ВАЗ-2105 спарткар Lada VFTS адрозніваецца адсутнасцю бампераў, паветразаборнікам на капоце, пашыральнікамі арак і заднім спойлерам. У салоне прыбралі аздабленне, затое з'явіліся каркас бяспекі, спартовыя руль і сядзенні.
Менавіта гэты седан Lada VFTS 1984 года быў створаны для вугорскага гоншчыка Роберта Бутора, аднак ён не ўдзельнічаў на ім у спаборніцтвах, таму аўто захавалася ў новым стане. Капсула часу ВАЗ мае прабег усяго 100 км.