BE RU EN

CNN: РФ перайшла да новай тактыкі нападаў на гарады Украіны

  • 15.06.2025, 11:24

Эксперты і ўкраінскія байцы раскрылі падрабязнасці.

Расея ўзмацніла паветраныя атакі на Украіну, запускаючы сотні БПЛА і ракетаў за ноч, а таксама змяніла тактыку – цяпер налёты больш канцэнтраваныя і з імі значна складаней змагацца, паколькі дроны ляцяць на вялікіх вышынях, па-за дасяжнасцю кулямётаў.

Пра гэта ў нядзелю, 15 чэрвеня, піша CNN, падкрэсліваючы, што колькасць беспілотнікаў, якімі РФ атакуе Украіну, ашаламляе.

Расея паспяхова нарасціла ўнутраную вытворчасць іранскага БПЛА Шахед і цяпер запускае іх сотнямі кожны дзень. Паводле словаў аналітыка пра Расею ў Інстытуце вывучэння вайны Крысціны Гарвард, Масква цяпер можа вырабляць блізу 2700 шахедаў за месяц, а таксама блізу 2500 беспілотнікаў-прынад. Акрамя таго, расейцы адаптавалі БПЛА-прынады такім чынам, што адрозніць іх ад сапраўдных вельмі складана.

Агенцтва таксама прыводзіць словы экс-чыноўніка Міністэрства абароны Украіны, а цяпер судырэктара праграмаў знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі цэнтра Разумкова Аляксея Мельніка, які паведаміў, што расейскія акупанты канцэнтруюць удары, замест таго, каб атакаваць то тут, то там. Такім чынам вораг хоча дабіцца максімальнага эфекту, як псіхалагічнага, так і кінэтычнага.

Мэта смяротных нападаў – падарваць маральны дух украінцаў і стварыць ілюзію таго, што Масква атрымлівае верх у вайне, хоць яна далёкая ад «перамогі», піша CNN.

У сваю чаргу баец добраахвотніцкай групы палявання на дроны Юрый Чумак расказаў агенцтву, што беспілотнікаў не толькі стала значна больш, цяпер вораг запускае іх на вялікіх вышынях. Калі раней яны ляцелі нізка, напрыклад уздоўж рэчышча ракі, цяпер яны ідуць на вышыні ад двух да пяці кіламетраў над зямлёй.

«Мы іх усіх бачым. Радары могуць адсочваць іх. Але збіваць іх з кулямётаў стала немагчыма», – цытуе агенцтва Чумака.

Паводле ягоных слоў, цяпер Украіне даводзіцца выкарыстоўваць супраць дронаў ракеты. Зрэшты, эфектыўнасць сістэмы СПА застаецца цудоўнай, падкрэсліў баец. Нават цяпер перахапляецца блізу 80% варожых БПЛА. Але, дадаў суразмоўца агенцтва, Расея павялічвае колькасць беспілотнікаў і мяняе тактыку.

Апошнія навіны