Агенты ГУВ атакавалі важную цэль у Калінінградзе
- 15.06.2025, 12:17
Абясточаны аб'екты расейскага ВПК і войска.
Агенты Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны правялі дыверсію ў горадзе Кёнігсберг (Калінінград). У выніку атакі былі абясточаныя аб'екты расейскага ВПК і войска.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на крыніцы.
Паводле інфармацыі крыніцаў РБК-Украіна ва ўкраінскай выведцы, блізу 4-й 14 чэрвеня ў горадзе Кёнігсберг была ажыццёўленая атака на прамысловую электрападстанцыю.
Такім чынам было поўнасцю спыненае забеспячэнне электраэнэргіі да спажыўцоў, сярод іншага да аб'ектаў расейскага ваенна-прамысловага комплексу і войска РФ, размешчаных у раёне ажыццяўлення аперацыі. Страты для Расеі ў выніку дыверсіі складаюць амаль 5 млн даляраў.
Крыніцы адзначаюць, што агенты ГУВ злілі астуджальную вадкасць з сілавога трансфарматара падстанцыі, а потым здзейснілі падпал аб'екта. Пажар істотна пашкодзіў аб'ект і прывёў да спынення электразабеспячэння на варожыя прадпрыемствы, размешчаныя непадалёк.
«Мы яшчэ раз нагадваем, што Расея больш не мае тылу ні на ўсходзе, ні на захадзе, ні ў любым пункце планеты. Усё расейскае, задзейнічанае ў вайне супраць Украіны, будзе гарэць, тануць і знішчацца незалежна ад ягонага ўзроўню абароны або месца размяшчэння», – падкрэсліў суразмоўца ў ГУВ.