Стала вядома, колькі будучых кіроўцаў у Беларусі здаюць іспыты з першага разу
- 15.06.2025, 12:38
ДАІ агучыла статыстыку.
У 2024 годзе больш за 70 тысяч беларусаў надумалі атрымаць пасведчанні кіроўцы. Пры гэтым у Дзяржаўтаінспекцыі мяркуюць, што аўташколы дрэнна вучаць будучых кіроўцаў і паабяцалі навесці парадак.
Агенцтва «Менск Навіны» расказала, якой колькасці курсантаў удалося здаць экзамены з першага разу.
У 2024 годзе ў Беларусі блізу 71 тысяча грамадзянаў звярнулася ў экзаменацыйныя падраздзяленні для атрымання пасведчання кіроўцы. На пасяджэнні Сталай камісіі стварэння бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў кіраўнік галоўнай управы ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў агучыў статыстыку здачы экзаменаў.
З першай спробы здалі тэорыю 58% кандыдатаў, а практычны іспыт – 35%.
У Дзяржаўтаінспекцыі ўзровень атрыманых ведаў і навыкаў уважаюць за недастатковы. Для развязання праблемы МУС выступае з ініцыятывай вызначыць канкрэтны пералік умоваў, пры якіх дзеянне сертыфіката аб адпаведнасці навучальнай арганізацыі можа быць прыпыненае або скасаванае. Таксама ёсць прапанова разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у адзіныя праграмы падрыхтоўкі кіроўцаў.
Сярод іншага, павялічыць колькасць гадзінаў навучання навыкам кіравання з 50 да 70 і пашырыць практыку выкарыстання інтэрактыўных навучальных трэнажораў.
Між тым з 8 красавіка змяніўся парадак прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на права кіравання механічным транспартным сродкам.
Згодна з новай інструкцыяй пры наяўнасці пасведчання кіроўцаў катэгорыі В грамадзяне дапускаюцца да здачы практычнага экзамену на права кіравання транспартным сродкам катэгорыі С толькі ва ўмовах рэальнага дарожнага руху ў населеным пункце. Пляцоўка ў гэтым выпадку скасоўваецца. Калі ў правах ёсць катэгорыя С, а чалавек дадаткова атрымлівае катэгорыю В, практычны экзамен прымаюць толькі ва ўмовах дарожнага руху.
Бывае, што грамадзяне прайшлі навучанне адначасова на катэгорыі B і C. Практычныя экзамены ў гэтым выпадку здаюцца на вучэбных машынах адпаведных катэгорый (на аўтадроме – на вучэбным транспарце катэгорыі B, ва ўмовах дарожнага руху ў населеным пункце – на вучэбнай машыне катэгорыі C або наадварот, прычым на выбар экзаменаванага).
Практычны экзамен на права кіравання транспартным сродкам катэгорыі D прымаюць толькі ва ўмовах дарожнага руху ў населеным пункце, на катэгорыі ВЕ, СЕ і DE – на аўтадроме.
З 8 красавіка практычны экзамен пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення правоў кіроўцы прымаюць ва ўмовах дарожнага руху ў населеным пункце на вучэбнай машыне катэгорыі B. Пры гэтым экзамен на аўтадроме скасоўваецца. Затое застаецца тэарэтычнае выпрабаванне.
іля.