«Войска паралізаванае, Расея не зможа ваяваць»
- 15.06.2025, 12:58
Эксперт раскрыў стратэгію поспеху Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны будзе прадаўжацца да таго часу, пакуль расейскі дыктатар і ваенны злачынец Уладзімір Пуцін будзе заставацца ва ўладзе ў РФ, або пакуль Сілы абароны Украіны не нанясуць такіх удараў па Расеі, пасля якіх яна ўжо не зможа акрыяць. Пра гэта ў інтэрв'ю «Главред» расказаў дыпламат, кіраўнік Цэнтра даследаванняў Расеі, экс-міністр замежных справаў Украіны Уладзімір Агрызка.
Паводле словаў Агрызкі, вайна – гэта бесперапынны працэс забеспячэння перадавой усім неабходным, сярод іншага – боепрыпасамі, зброяй, харчаваннем, палівам і алівай. Каб паралізаваць баявую групоўку на фронце, неабходна пазбавіць яе доступу да гэтага забеспячэння.
«Калі ўкраінскае войска перарывае лагістычныя ланцужкі, выбівае з аэрадромаў, размешчаных на еўрапейскай частцы Расеі, адкуль ідуць атакі на цывільныя аб'екты, калі яно прымушае расейскую авіяцыю перадыслакавацца за Урал, калі знішчаюцца нафтагазавыя аб'екты, а таксама прадпрыемствы, якія працуюць на расейскі ВПК – тады, тады, прабачце, ваяваць не будзе чым», – кажа ён.
Ён падкрэслівае, што для поспеху Украіны трэба не толькі фізічнае супрацьстаянне, але і тэхналагічная перавага, якую можна забяспечыць шляхам разбурэння лагістыкі, інфраструктуры і сістэмы забеспячэння ворага. У такім выпадку, паводле ягоных словаў, у Пуціна проста не застанецца рэсурсаў для вядзення вайны.
Дыпламат падкрэсліў, што менавіта гэта павінна стаць галоўнай стратэгіяй. І дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў на мінулым тыдні дэманструюць, што яны ўжо здольныя дзейнічаць у такім фармаце, нават маючы абмежаваныя рэсурсы. Варта толькі ўявіць, якіх вынікаў можна дасягнуць пры належным забеспячэнні.
«Таму мы зноў вяртаемся да галоўнага – нам трэба шмат сучаснай зброі. Гэта можа зламаць хрыбет расейскай вайсковай машыне», – рэзюмаваў ён.