BE RU EN

На «Камунарцы» з'явіўся новы гендырэктар

  • 15.06.2025, 13:58

Да ранейшага былі «пытанні» ў сілавікоў.

Новым гендырэктарам кандытарскай фабрыкі «Камунарка» стаў Аляксандр Нячай, паведаміла першая намесніца старшыні Менгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. Да нядаўняга часу ён узначальваў прадпрыемства «Слодыч».

Новы генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» на днях быў прадстаўлены калектыву прадпрыемства.

Раней, з 2014 да 2024-га, ён узначальваў кандытарскую фабрыку «Слодыч», якая таксама ўваходзіць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам». Падчас дырэктарства Нячая, у снежні 2020 года, «Слодыч» набыў маёмасць збанкрутавалай фабрыкі «Іўкон» у Івянцы. Пазней кампанія адкрыла філіял і ў Маладзечне на базе фабрыкі «Конфа», якая знаходзілася ў санацыі. Дзякуючы гэтаму ўдалося істотна павялічыць аб'ёмы прадукцыі.

Папярэднікам Нячая на пасадзе гендырэктара «Камунаркі» быў Сяргей Анюхоўскі. Ён прыйшоў на прадпрыемства ў 2021 годзе з бабруйскага «Чырвонага харчавіка», дзе таксама быў дырэктарам. У 2019–2024 гадах таксама быў чальцом «савета рэспублікі».

Як пісалі СМІ, летась на «Камунарцы» ўзніклі цяжкасці з пастаўкамі і плацяжамі праз санкцыі, і дырэктарам зацікавіліся сілавікі. У красавіку 2024 года Анюхоўскага затрымалі, як мяркуецца, з пытаннямі, звязанымі з аплатай імпартных тавараў. Аднак перад «усебеларускім народным сходам», дэлегатам якога ён быў прызначаны, яго адпусцілі – на думку супрацоўнікаў фабрыкі, дзякуючы гэтаму статусу.

Апошнія навіны