NYT: Украіна і Ізраіль паказалі, што ў сучаснай вайне з'явілася новая магутная зброя
- 15.06.2025, 14:18
Яна можа стаць асабліва прывабнай у сакрэтных аперацыях.
Ударныя дроны – невялікія, цяжка выяўляюцца і здольныя наносіць магутныя ўдары. Яны сталі грознай зброяй у сучаснай вайне. Аднак апошнія аперацыі Украіны і Ізраіля, падчас якіх дроны запускаліся з глыбіні варожай тэрыторыі – прадэманстравалі новы ўзровень іх разбуральнай моцы.
Як піша The New York Times, эфект нечаканасці, звязаны з неабходнасцю адбіваць напады дронаў знутры, спалучае ў сабе класічную ваенную стратэгію і сучасныя тэхналогіі.
«Шпіёнскія апараты і сакрэтныя аперацыі даўно сталі часткай баявых дзеянняў, але, як адзначаюць эксперты, іх выкарыстанне для разгортвання дронаў за лініяй фронту – гэта новая тактыка ў мастацтве вайны, які ўвесь час развіваецца», – піша выданне.
Так, у ходзе ўкраінскай аперацыі «Павуціна» больш за 40 расейскіх ваенных самалётаў былі падбіты роем дронаў, якія Украіна таемна размясціла паблізу ваенных базаў у Расеі. А ўсяго праз два тыдні Ізраіль падчас сваёй аперацыі знішчыў ракеты, перахопнікі і сістэмы супрацьпаветранай абароны Ірана дронамі, якія раней кантрабандай увезлі ізраільскія выведнікі.
Як адзначыў Асаф Арыён, адстаўны ізраільскі брыгадны генерал і стратэг у пытаннях абароны ў Вашынгтонскім інстытуце блізкаўсходняй палітыкі, падыход Ізраіля даў яму перавагу ў шырокамаштабным нападзе на Іран.
«Іран павінен не толькі глядзець на захад, каб убачыць, што адбываецца, але і глядзець унутр», – сказаў Арыён.
Прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху параўнаў гэтую атаку з іншай аперацыяй Ізраіля, праведзенай у верасні летась у Ліване, дзе пэйджары і рацыі, начыненыя выбухоўкай, былі накіраваныя супраць Хезбалы. Гэтую аперацыю таксама згадвалі эксперты выведкі пасля нечаканага ўдару Украіны па Расеі, як прыклад таго, як тэхналогіі хутка мяняюць спосабы вядзення вайны.
Аднак у аснове ўсіх трох ваенных місій – у Ліване, Расеі і цяпер у Іране – ляжаць карпатлівыя намаганні ў зборы выведных звестак. Такія аперацыі могуць доўжыцца гадамі і спалучаныя з вялікай рызыкай, адзначае NYT.
«Урэшце дроны – гэта ўсяго толькі інструменты, і тое, як іх можна выкарыстоўваць, залежыць ад вашай крэатыўнасці. Так што гэтая натуральная эвалюцыя – толькі прадчуванне таго, што нас чакае ў будучыні», – сказаў Фарзан Сабет, аналітык Ірана і сістэмаў узбраенняў у Жэнеўскім інстытуце.
Паводле словаў Сабета, дроны могуць стаць асабліва прывабнай зброяй у сакрэтных аперацыях, калі іх можна будзе часткамі і паступова вазіць на тэрыторыю ворага, што зробіць іх яшчэ больш цяжкавыяўнымі.
«Падобнасць паміж аперацыямі ў кантрабандзе дронаў, якія праводзяцца Ізраілем і Украінай, дазваляе выказаць здагадку, што такая тактыка будзе капіявацца ў іншых канфліктах – прынамсі датуль, пакуль не будуць распрацаваныя яшчэ навейшыя, утоеныя або магутныя стратэгіі вядзення вайны», – адзначаецца ў артыкуле.