Макрон прыбыў у Грэнландыю
- 15.06.2025, 19:19
Медыі называюць візіт адказам Трампу.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон разам з прэм'ер-міністрам Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн наведваюць аўтаномную Грэнландыю. Візіт адбываецца ў той час, калі напружанасць паміж ЗША, Грэнландыяй і Даніяй усё яшчэ адчувальная праз імкненне амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа захапіць востраў, паведамляе дацкі грамадскі вяшчальнік DR.
«Я прыбыў у Грэнландыю з пасланнем салідарнасці, падтрымкі і сяброўства», – заявіў Макрон па прыбыцці.
Прэзідэнт Францыі адзначыў, што «вельмі рады быць тут і атрымаць разуменне ўсіх пытанняў», і прывёў у прыклад змену клімату і эканамічнае развіццё. Палітык не згадваў Штаты ці Трампа наўпрост, але DR адзначае, што гэты візіт з'яўляецца «наўпроставым адказам на пагрозы Дональда Трампа захапіць» Грэнландыю. Аб гэтым пішуць і іншыя заходнія медыі.
Макрон, Фрэдэрыксэн і прэм'ер Грэнландыі Енс-Фрэдэрык Нільсан для правядзення працоўнай сустрэчы прыбылі на судна «Нільс Юэль», якое з'яўляецца адным з трох фрэгатаў тыпу «Івер Гюітфельд» узброеных сіл Даніі. Гэта самыя вялікія і магутныя вайсковыя караблі каралеўства.
З таго часу, як Макрон стаў прэзідэнтам восем гадоў таму, ён настойліва працуе над тым, каб Францыя і Еўропа сталі больш незалежнымі ад ЗША як у бяспечным, так і ў эканамічным сэнсе.
Таксама ў Францыі ёсць уласныя моцныя абавязацельствы па Арктыцы: краіна паабяцала інвеставаць 1 млрд еўраў у палярныя даследаванні да 2030 года.
Таксама Францыя з'яўляецца адной з шасці краін, якія не належаць да гэтага рэгіёну, але з'яўляюцца сталымі назіральнікамі ў Арктычнай радзе.
Гэта міжурадавы форум высокага ўзроўню, чальцамі якога з'яўляюцца ЗША, Расея, Канада, Данія (таксама прадстаўляе Грэнландыю і Фарэрскія астравы), Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія і Швэцыя.