BE RU EN

Украіна папярэджвае Лукашэнку

  • 16.06.2025, 17:00

Як у Кіеве адрэагавалі на навіны аб дастаўцы ў Беларусь расейскіх ракет і бомбаў.

Напярэдадні супольнасць чыгуначнікаў Беларусі са спасылкай на крыніцы і аналіз бягучай актыўнасці на БЧ паведаміла, што з 14 да 30 чэрвеня 2025 года з Расеі на беларускую тэрыторыю завязуць авіябомбы і ракеты розных тыпаў.

Навіна імгненна абляцела ўкраінскую прэсу. Выданне «Обозреватель» суправадзіла публікацыю на гэтую тэму ў сацсетках характэрнымі ўводзінамі: «Лукашэнка рызыкуе...», піша «Салідарнасць».

Ва ўкраінскіх СМІ спосабы і аб'ёмы паставак расейскага ўзбраення параўналі з тым, як пад выглядам вучэнняў вялася падрыхтоўка да поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022-га.

Так, украінскі Фокус звяртае ўвагу на тое, што ўзбраенні з Расні пастаўляюцца не толькі праз чыгунку.

«Улетку расейскія транспартныя самалёты Іл-76 і Ан-124-100 пачалі палёты на беларускія аэрадромы, на авіябазу ў Мачулішчах», — піша выданне.

Партал «Мілітарны» адзначае, што Мачулішчы сталі адной з асноўных авіябаз расейскіх акупантаў з пачатку ўварвання ў 2022-м і нагадвае:

Сцэнар і маштаб будучых вучэнняў паўтараюць вучэнні «Саюзная рашучасць», якія з 10 да 20 лютага 2022 года праводзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Праз чатыры дні пасля іх заканчэння расейскія войскі ўварваліся ва Украіну.

Украінскія СМІ цытуюць прэзідэнта краіны, які выказаўся пра магчымыя сцэнары вайсковых вучэнняў, якія рыхтуюцца ў Беларусі. Яго заява прагучала ў адзін дзень з публікацыяй звестак аб завозе ракет і авіябомбаў.

«Зяленскі намякнуў Лукашэнку, чым могуць абярнуцца правакацыі на вучэннях з Расеяй», піша агенцтва УНІАН.

«Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай», — заявіў украінскі лідар. — «Ён разумее, пасля нашых крокаў у адказ на Курскім кірунку, калі мы будзем адчуваць пагрозу — на што мы здольныя».

Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што аналіз украінскай выведкі кажа пра тое, што ўдзельнікі вучэнняў «будуць спрабаваць нават трохі ўглыб адысці ў Беларусь, далей ад межаў».

Апошнія навіны