У Старадарожскім раёне мужчыну прапанавалі падвышэнне на пасадзе на працы
- 16.06.2025, 11:46
Але праз падарунак ад цесця ён атрымаў крымінальную справу.
У Старадарожскім раёне прапанова аб падвышэнні на пасадзе абярнулася для 42-гадовага работніка крымінальнай справай, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на прэс-службу Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз.
У міліцыю звярнулася спецыялістка аддзела кадраў аднаго з прадпрыемстваў раёна. Яна паведаміла, што работнік паказаў ёй дыплом аб вышэйшай адукацыі, выдадзены адной з навучальных устаноў Расейскай Федэрацыі, з прыкметамі падробкі.
Як высветлілася, 42-гадоваму мужчыну, які прапрацаваў некаторы час на прадпрыемстве, прапанавалі падвышэнне на пасадзе. Работнікі аддзела кадраў запыталі ў яго дыплом аб вышэйшай тэхнічнай адукацыі. Пры вывучэнні дакумента ў іх узніклі сумневы ў яго сапраўднасці, таму спецыялістка ў кадрах накіравала запыт у адпаведны універсітэт для праверкі сапраўднасці. У адказе паведамлялася, што ўказаны ў запыце мужчына ў гэтай навучальнай установе не навучаўся і ніякія дакументы на яго імя ўніверсітэтам не выдаваліся.
Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі дыплом, а таксама дадатак да яго і накіравалі на экспэртызу.
Падчас даследавання было выяўлена, што бланкі дыплома Расейскай Федэрацыі і дадатку да яго выраблены не прадпрыемствам, якое ажыццяўляе вытворчасць прадукцыі гэтага віду. Знакі серыйных нумароў выкананы спосабам электрафатаграфічнага друку, а астатнія выявы бланкаў нанесеныя спосабам плоскага афсетнага друку, элементы абароны імітаваныя.
Мужчына растлумачыў, што раней працаваў будаўніком у Расеі, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай. Праз пэўны час цесць параіў яму атрымаць вышэйшую адукацыю для кар'ернага росту, а неўзабаве падарыў дыплом.
Следчыя распачалі па гэтым факце крымінальную справу.