BE RU EN

Кітай выціскае Расею з Цэнтральнай Азіі

  • 16.06.2025, 12:11

У гэтым Пекіну дапамагае Казахстан.

Візіт кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна ў Казахстан мае на мэце ўмацаваць уплыў Кітая ў Цэнтральнай Азіі на фоне агульнага паслаблення Расеі.

Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Кіраўнік Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін адправіўся з візітам у Казахстан для перамоў з прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым і ўдзелу ў другім саміце кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Азіі.

У панядзелак, 16 чэрвеня, у Сі запланаваныя перамовы з лідарам Казахстана, а на наступны дзень ён возьме ўдзел у шматбаковым саміце пры ўдзеле кіраўнікоў Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Выданне адзначае, што гэта толькі трэцяя замежная паездка Сі Цзіньпіна ў 2025 годзе. Сустрэча ў Астане праходзіць адначасова з самітам «Групы сямі» (G7) у Канадзе.

Візіт Сі ў Цэнтральную Азію таксама адбываецца неўзабаве пасля візіту дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё, які правёў перамовы з міністрам замежных спраў Казахстана ў Вашынгтоне.

Як адзначаюць аналітыкі, адной з галоўных задач паездкі з'яўляецца ўзмацненне пазіцый Кітая ў Цэнтральнай Азіі, у кантэксце магчымай эскалацыі напружання ў стасунках з ЗША. Менавіта ў Казахстане больш за дзесяць гадоў таму Сі Цзіньпін упершыню абвясціў аб запуску ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Партнёр Лонданскай кансалтынгавай кампаніі PRISM Strategic Intelligence Ltd. Кейт Малінсан адзначае, што Пекін імкнецца забяспечыць эканамічную стабільнасць на выпадак далейшага абвастрэння стасункаў з Вашынгтонам.

Паводле ейных слоў, Кітай "выйшаў з апошніх трох гадоў значна мацнейшым у Цэнтральнай Азіі" і працягвае ўмацоўваць сваю эканоміку і ланцугі паставак пасля таго, як Захад спрабаваў ізаляваць Расею з 2022 года.

На перамовах, магчыма будзе таксама закранутая тэма гандлёвых абмежаванняў і тарыфнай палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

У Bloomberg мяркуюць, што ва ўмовах глабальнага спаборніцтва Кітай імкнецца развіваць альянсы ў Цэнтральнай Азіі, дзе абвастраецца барацьба за доступ да прыродных рэсурсаў і геапалітычны ўплыў. У гэтым кантэксце важнай стала і замежнапалітычная актыўнасць краін Захаду: нядаўна рэгіён наведалі прэм'ер-міністарка Італіі Джорджыя Мелані і прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Рэгіён Цэнтральнай Азіі, які валодае значнымі запасамі ўрану, нафты і рэдказямельных металаў, мае стратэгічнае значэнне для Кітая, паколькі забяспечвае ключавыя наземныя маршруты экспарту тавараў у Еўропу. Гістарычны ўплыў Расеі на былыя савецкія рэспублікі быў аслаблены ў выніку вайны ва Украіне, якая доўжыцца ўжо чацвёрты год.

Гэта стварае дадатковыя магчымасці для Пекіна ў нарошчванні экспарту ў рэгіён з агульным валавым унутраным прадуктам сумай прыкладна 500 млрд даляраў.

Апошнія навіны