ЗША перакідваюць на Блізкі Усход другі авіяносец
- 16.06.2025, 14:45
Чакаецца, што карабель дасягне пункта прызначэння праз тыдзень.
ЗША ўзмацняюць сваю вайсковую групоўку на Блізкім Усходзе на фоне супрацьстаяння Ізраіля і Ірана. Паводле звестак Reuters, з Паўднёва-Кітайскага мора ў рэгіён накіраваўся авіяносец «Німіц». Да гэтага ён павінен быў прыбыць у в'етнамскі порт Дананг, але цяпер яго там не чакаюць, а афіцыйны прыём скасавалі праз «надзвычайную аператыўную неабходнасць», паведаміла дасведчаная крыніца агенцтва. Паводле звестак сайта Marine Traffic, які адсочвае перасоўванне суднаў, на гэты момант «Німіц» праплывае побач з Сінгапурам і працягвае шлях на захад. У блізкаўсходнім рэгіёне ён далучыцца да іншага амерыканскага авіяносца- «Карла Вінсана», на борце якога знаходзяцца 36 знішчальнікаў F/A-18 і дванаццаць F-35. Чакаецца, што карабель дасягне пункта прызначэння праз тыдзень.
Адначасова з гэтым ЗША пачалі маштабную перакідку самалётаў-запраўшчыкаў з амерыканскіх баз у Еўропу. Са звестка Military Watch, да раніцы 16 чэрвеня еўрапейскія аэрадромы прынялі 30 самалётаў КС-135 і КС-46.
Яны могуць выкарыстоўвацца для дазапраўкі ў паветры знішчальнікаў ваенна-паветраных сіл (ВПС) як Ізраіля, так і ЗША. Гэта павінна палегчыць нанясенне ўдараў па Іране. Раней, са слоў крыніц Axios, Ізраіль звярнуўся да Адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа з просьбай далучыцца да вайсковай аперацыі супраць Ірана, каб ліквідаваць ядзерную праграму Тэгерана. Як адзначала выданне, Ізраілю не стае вялікіх бамбавікоў, неабходных для знішчэння іранскага аб'екта для ўзбагачэння ўрану ў Форда, які ўбудаваны ў гару. Адзін з суразмоўцаў Axios казаў, што ЗША могуць далучыцца да аперацыі. Трамп дапусціў гэта ў тэлефоннай размове з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху.