Навукоўцы стварылі амаль незнішчальную гуму для аўтамабільных шынаў
- 16.06.2025, 21:54
Новы матэрыял больш экалагічны.
Прафесар механікі і матэрыялазнаўства са Школы інжынерыі і прыкладных навук Гарвардскага ўніверсітэта Чжыган Суо (Zhigang Suo) разам з камандай вынайшаў і выпрабаваў новы матэрыял – тангламер (tanglemer). Ён у дзесяць разоў трывалейшы і ў чатыры разы ўстойлівейшы да ўтварэння трэшчынаў, чым звычайная каўчукавая гума, паведамляе Le Monde.
Навукоўцы працавалі над стварэннем гэтага матэрыялу як над магчымай альтэрнатывай для вытворчасці аўтамабільных шынаў. Штогод шыны выклікаюць выкіды прыкладна шасці мільёнаў тонаў мікрапластыку. Часціцы мікрапластыку выяўляюць у вадзе, ежы, чалавечым арганізме і нават у плацэнце цяжарных жанчынаў.
«Паляпшэнне ўстойлівасці да парэпання падоўжыць тэрмін службы матэрыялу, а такім чынам павысіць ягоную экалагічнасць», – сказаў адзін з суаўтараў Гадун Нянь (Guodong Nian).
Упершыню пра тангламер паведамілі ў 2023 годзе, а нядаўна даследнікі завкончылі практычныя выпрабаванні. Вынікі можна ўбачыць на відэа:
Трываласць, эластычнасць і зносаўстойлівасць тангламеру дасягнутыя за кошт змены структуры матэрыялу. Як і звычайную гуму, яго вырабляюць на аснове натуральнага каучуку. У традыцыйнай гуме трываласць забяспечваюць пераважна хімічныя сувязі, якія фармуюцца падчас вулканізацыі. У выпадку з тангламерам каўчук апрацоўваюць мякчэй, што дазваляе захаваць доўгія палімерныя ланцугі. Яны фармуюць заблытаную, але трывалую сетку. У гэтым матэрыяле фізічная «заблытанасць» палімераў выконвае большую ролю, чым хімічныя сшыўкі – менавіта яна дапамагае амартызаваць напругу пры расцяжэнні ці парыве. Акрамя шынаў, тангламер патэнцыйна можна выкарыстоўваць у вытворчасці прэзерватываў, хірургічных пальчатак, гнуткіх элементаў для робатаў, зношвальнай электронікі і эластычных гідрагеляў.