Трамп запэўніў Макрона ў гатоўнасці прыняць меры супраць Расеі
- 17.06.2025, 10:04
Здольнасць расейскай эканомікі супраціўляцца будзе пастаўленая пад сумнеў.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі (ЗША) Дональд Трамп запэўніў у тым, што Вашынгтон нібыта гатовы «прыняць меры» супраць Расейскай Федэрацыі (РФ).
Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
Са слоў Макрона, ён усё яшчэ верыць у падтрымку ЗША ў пытанні больш жорсткіх санкцый супраць Расеі.
Падчас размовы з журналістамі на палях саміту G7 («вялікая сямёрка») французскі лідар заявіў, што абмеркаваў з Трампам далейшыя санкцыі супраць Расеі і апошні запэўніў яго, што Вашынгтон гатовы «прыняць меры».
«Ён адказаў досыць станоўча», - заявіў Макрон і дадаў, што Трамп сказаў яму, што пакуль не будзе перашкаджаць новым санкцыям ЗША, якія прапануюць рэспубліканскія заканадаўцы.
Прэзідэнт Францыі адзначыў, што, калі ў найбліжэйшыя тыдні ЕЗ і ЗША супольна ўвядуць санкцыі - сітуацыя можа змяніцца, паколькі «здольнасць расейскай эканомікі супраціўляцца будзе пастаўленая пад сумнеў».