WP: Масква страчвае гістарычнага партнёра на Блізкім Усходзе
- 17.06.2025, 10:47
Ізраільскія атакі могуць справакаваць змену рэжыму ў Іране.
Ужо чацвёрты дзень працягваецца адкрыты ўзброены канфлікт паміж Ізраілем і Іранам, і ў Маскве ўсё гучней гучаць асцярогі наконт магчымых геапалітычных страт. Расейскія эліты ўсведамляюць, што цяперашняя эскалацыя можа абярнуцца катастрофай для Тэгерана - галоўнага хаўрусніка Масквы на Блізкім Усходзе, піша The Washington Post.
"Сітуацыя развіваецца ў небяспечным для Расеі кірунку", - прызнаў Канстанцін Затулін, дырэктар Інстытута краін СНД.
Канфлікт пачаўся з маштабнага бамбавання Ізраілем іранскіх ядзерных аб'ектаў і ліквідацыі ключавых камандзіраў. У Крамлі спачатку ўбачылі ў гэтым магчымасць для дыпламатычнага манеўру. Вядомы бізнэсовец і кансерватыўны ідэолаг Канстанцін Малафееў заявіў:
"Толькі саміт паміж Расеяй і ЗША, паміж Пуціным і Трампам, можа зберагчы свет ад катастрофы. Прыйшоў час амерыканцам пакінуць нам Украіну”.
Ён таксама выказаў здагадку, што Расея магла б выкарыстоўваць свае даўнія сувязі з Іранам, каб вярнуць Тэгеран да перамоў аб ядзернай угодзе ў абмен на саступкі з боку ЗША.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін аператыўна выступіў з ініцыятывай пасрэдніцтва, правёўшы перамовы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Аналітыкі ў Маскве прагназавалі, што канфлікт можа зменшыць увагу Захаду да вайны ва Украіне і прывесці да росту коштаў нафты, што патэнцыйна выгадна Расеі. Аднак далейшае паглыбленне Ізраіля ў іранскую тэрыторыю, удары па інфраструктуры і пагроза змены рэжыму выклікаюць трывогу.
"Самая вялікая пагроза ў тым, што пры кожным развязанні крызісу існуе рызыка для пазіцый Расеі ў рэгіёне”, - мяркуе расейскі навуковец, блізкі да дыпламатычных колаў, - “калі Нетаньяху зможа справакаваць змену рэжыму, новая ўлада наўрад ці будзе такой добразычлівай да Масквы, як цяперашні іранскі рэжым”.
Ён дадаў:
"Нават калі рэжым вытрымае атакі, пачнецца гонка ядзернага ўзбраення на Блізкім Усходзе, што таксама не ў інтарэсах Расеі. Тут цяжка знайсці сітуацыю, дзе Расея перамагла б”.
На фоне страты пазіцый у Сірыі імаверная параза Ірана стане яшчэ большым ударам: “Іран большы, і ён - наш гістарычны партнёр і сусед", - падкрэсліў экспэрт.