Нацбанк Беларусі абвясціў пра выпуск новых манет
- 17.06.2025, 11:15
У чым асаблівасць?
З 17 чэрвеня Нацыянальны банк Беларусі ўвядзе ў абарачэнне новую серыю памятных манет пад назвай «Гісторыя беларускай чыгункі. Цягнікі» У яе ўвайшлі пяць найменняў: «Паравоз», «Цеплавоз», «Электравоз», «Дызель-цягнік» і «Электрацягнік». Набыць іх можна ў касах Нацбанка, аднак кошт пакуль застаецца загадкай, піша smartpress.by.
У прэс-службе фінансавага рэгулятара расказалі, што манеты наміналам 2 рублі вырабленыя са сталі, пакрытай меддзю і латунню (кальцо), і сталі, пакрытай меддзю і нікелем (сярэдзіна). Дыяметр-23,5 мм, маса — 5,81 г. Плануецца, што тыраж кожнай складзе 25 тысяч асобнікаў.
Усе манеты маюць круглую форму, кант па акружнасці і паўтаральны надпіс на бакавой паверхні: «БЕЛАРУСЬ», год чаканкі (2025) і элементы нацыянальнага арнаменту.
На аверсе — рэльефная выява дзяржаўнага герба Беларусі і надпісы па коле: уверсе - «БЕЛАРУСЬ», унізе - «2 РУБЛІ». Паміж імі размяшчаецца нацыянальны арнамент.
Рэверсы выяўляюць развіццё беларускага чыгуначнага транспарту:
«Паравоз» - з выявай паравоза;
«Цеплавоз»— цеплавоза;
«Электравоз» — электравоза;
«Дызель-цягнік» — дызельнага цягніка;
«Электрацягнік» - электрацягніка.
Усе манеты адчаканеныя на казахстанскім манетным двары якасцю «анцыркулейтэд». У Нацбанку звярнулі ўвагу, што яны з'яўляюцца законным аплатным сродкам і прымаюцца да аплаты ў Беларусі «намінальным коштам без абмежаванняў».
Інфармацыю пра паступленне, дату пачатку продажаў і самае важнае — кошты — паабяцалі размясціць на афіцыйным сайце банка ў раздзеле «Банкноты і манеты».