«Ударыць Пуціна па самым балючым месцы»
- 17.06.2025, 12:57
Вялікабрытанія анансавала новыя санкцыі супраць Расеі.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер плануе абвясціць аб новых санкцыях супраць Расеі для ціску на расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
Пра гэта паведамляе Sky news са спасылкай на заяву Даўнінг-стрыт.
Прэм'ер-міністр «пачне дзеянні, каб ударыць Пуціна па самым балючым месцы і даць зразумець, што мы будзем працягваць узмацняць ціск, пакуль Расея не будзе гатовая ўзяць на сябе абавязанні па поўным і безумоўным спыненні агню і не пакажа, што яны сур'ёзна настроеныя працаваць над справядлівым і ўстойлівым мірам».
Стармер выступіць з прамовай, у якой ён будзе сцвярджаць, што «Расея не трымае ўсіх карт у руках», і заклікаць хаўруснікаў «скарыстацца гэтым момантам, каб узмацніць эканамічны ціск і паказаць прэзідэнту Пуціну, што ў ягоных інтарэсах — і інтарэсах Расеі — прадэманстраваць, што ён сур'ёзна ставіцца да міру».
10 чэрвеня ў ЕЗ прадставілі 18-ы пакет санкцый супраць краіны-агрэсаркі Расеі. Ён прадугледжвае забарону на транзакцыі для Паўночнага струменю-1 і Паўночнага струмею-2. Гэта азначае, што ніводзін аператар ЕЗ не зможа проста ці ўскосна ўдзельнічаць ва ўсялякіх транзакцыях аб трубаправодах Паўночны струмень.