КНДР адправіць у РФ тысячы сапёраў і будаўнікоў
- 17.06.2025, 15:59
Для «аднаўлення» Курскай вобласці.
Расея дамовілася з КНДР аб адпраўцы паўночнакарэйскіх сапёраў і будаўнікоў для нібыта аднаўлення Курскай вобласці РФ. Пра гэта заявіў сакратар Савета бяспекі краіны-агрэсаркі Расеі Сяргей Шайгу, піша NV са спасылкай на расейскія СМІ.
Са слоў Шайгу, дыктатар КНДР Кім Чэн Ын прыняў пастанову накіраваць у Расею адну тысячу сапёраў для размінавання расейскай тэрыторыі і пяць тысяч вайсковых будаўнікоў для нібыта аднаўлення разбураных інфраструктурных аб'ектаў.
Сакратар расейскага Савета бяспекі таксама заявіў, што падчас перамоў РФ і Паўночная Карэя дамовіліся аб «спрыянні ў аднаўленні Курскай вобласці».
Раней начальнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю the War Zone, апублікаваным 9 чэрвеня, заяўляў, што наступная партыя паўночнакарэйцаў прыбудзе ў Расею паводле новай схемы «працоўных мігрантаў».
Са слоў Буданава, цяпер на тэрыторыі Курскай вобласці РФ знаходзяцца амаль 11 тысяч вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.
Кіраўнік Украінскай выведкі адзначыў, што ёсць вялікая імавернасць, што сярод «працоўнай міграцыі» ёсць людзі, якія пачнуць падпісваць кантракты з Мінабароны Расеі.
11 траўня расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін падчас начнога выступу перад прэсай афіцыйна прызнаў удзел вайскоўцаў з КНДР у вайне Расеі супраць Украіны.
Таксама ў красавіку Пуцін упершыню публічна пракаментаваў удзел вайскоўцаў з КНДР у вайне супраць Украіны на баку РФ у Курскай вобласці.
26 красавіка кіраўнік Генштаба Узброеных Сіл РФ Валерый Герасімаў упершыню прызнаў удзел вайскоўцаў з КНДР у вайне супраць Украіны падчас дакладу Пуціну пра нібыта «вызваленне» Курскай вобласці.
27 красавіка Паўночная Карэя таксама ўпершыню пацвердзіла, што на «загад» дыктатара Кім Чэн Ына накіравала свае войскі для падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны.