Урсула фон дэр Ляен расказала, у чым меў рацыю Трамп
- 17.06.2025, 17:05
Кіраўніца Еўракамісіі раскрытыкавала Кітай.
На саміце G7 у Кананаскіс (Канада) старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выступіла з рэзкай крытыкай Кітая, абвінаваціўшы Пекін у негатыўным уплыве на Міжнародны гандаль і падрыве канкурэнцыі, піша Politico (пераклад - сайт Charter97.org).
Паводле ейных слоў, Кітай ператварае сваё лідарства ў вытворчасці і перапрацоўцы крытычна важных матэрыялаў у «зброю».
Фон дэр Ляен падкрэсліла, што менавіта дзеянні Кітая, а не гандлёвыя супярэчнасці паміж супольнікамі, нясуць рэальную пагрозу. «Тут Дональд [прэзідэнт ЗША Дональд Трамп] мае рацыю — праблема сапраўды сур'ёзная», — заявіла яна, заклікаўшы ЗША адмовіцца ад тарыфаў супраць ЕЗ і засяродзіцца на супольным адказе на эканамічную палітыку Кітая.
З красавіка Пекін значна абмежаваў экспарт ключавых мінералаў, што негатыўна адбілася і на Еўропе. На думку кіраўніцы Еўракамісіі, Кітай свядома падрывае правілы СГА, выкарыстоўваючы маштабныя субсідыі і парушэнні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, каб дамінаваць у глабальных ланцужках паставак.
Хоць фон дэр Ляен жорстка выказалася пра Кітай, праект выніковай заявы G7 пакуль пазбягае прамых абвінавачванняў, толькі згадваючы «нярынкавыя практыкі» ў сферы мінеральных рэсурсаў. Падчас саміту фон дэр Ляен і Трамп дамовіліся паскорыць працу над справядлівым гандлёвым пагадненнем.