BE RU EN

У кожным трэцім рэгіёне Расеі заглушылі інтэрнэт

  • 17.06.2025, 18:36

Нібыта праз налёты дронаў.

Расейскія ўлады прадаўжаюць адключаць грамадзянаў ад мабільнага інтэрнэту на падставе небяспекі беспілотнікаў. У аўторак, 17 чэрвеня, праблемы з доступам у сетку зафіксаваныя як мінімум у 31 рэгіёне, паведамляе праект «На сувязі».

Збоі мабільнага інтэрнэту назіраецца ў Якуціі, Амурскай, Пермскай і Алтайскім краях, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, Омскай, Курганскай, Чэлябінскай, Самарскай, Цвярской, Уладзімірскай, Пскоўскай, Курскай, Белгарадскай, Бранскай і шэрагу іншых абласцей, а таксама ў Татарстане. Пры гэтым у Ніжагародскай і Варонежскай абласцях улады ствараюць перашкоды ў працы і мабільнага інтэрнэту, і сотавай сувязі.

Аналітыкі адзначаюць, што сетку глушаць з рознай ступенню паспяховасці, ахопліваючы ў некаторых месцах цэлыя гарады, а ў іншых – асобныя раёны. «Але інтэрнэт-шатдаўнаў дакладна становіцца ўсё больш», – канстатуюць эксперты.

Характэрнай рысай адключэнняў мабільнага інтэрнэту, якія пачасціліся вясной з прычыны ўзмацнення налётаў дронаў УСУ, сталі запэўніванні ўладаў пра неабходнасць гарантавання «бяспекі грамадзянаў». Так, у аўторак урад Бранскай вобласці спаслаўся на дзейны са жніўня 2024 года рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА), які прадугледжвае «магчымасць абмежавання або прыпынення паслуг сувязі (у адпаведнасці з законам №35-ФЗ “Аб супрацьдзеянні тэрарызму”)». Аднак такі рэжым пакуль уведзены толькі ў памежных рэгіёнах, у тым ліку таксама Белгарадскай і Курскай абласцях.

У той самы час варонежскія ўлады растлумачылі, што адключаюць інтэрнэт не толькі праз налёты дронаў, а «зыходзячы з аператыўнай абстаноўкі», якую ацэньваюць сілавыя органы супольна з правайдарамі.

Рэгіянальныя ўлады звычайна не ўдакладняюць даўжыню абмежаванняў і іх пэўную геаграфію і запэўніваюць, што глушэнне інтэрнэту – гэта часовы захад. Тым не менш у шэрагу рэгіёнаў за Уралам сетка адключаная ўжо амаль тыдзень. Гэта закранула як мінімум Цюменскую і Свярдлоўскую вобласці. Цюменскі ўрад запэўніў у аўторак, што доступ да сеткі абмежаваны «з незалежных ад рэгіянальных органаў улады і аператараў сувязі прычынаў», а іх мэта – зразумела, гарантаваць «бяспеку» мясцовых жыхароў.

Апошнія навіны