NATO перастане раскрываць дэталі ваеннай дапамогі Украіне
- 17.06.2025, 19:10
Каб ускладніць планаванне ваенных аперацый Расеі.
NATO спыніць разгалашэнне дэталяў паставак узбраенняў Украіне, каб абцяжарыць планаванне ваенных аперацый Расеі. Пра гэта The Moscow Times расказалі прадстаўнікі трох краінаў NATO на ўмовах ананімнасці напярэдадні саміту ваеннага альянсу ў Гаазе, які пройдзе 24–26 чэрвеня.
Раней на аналагічны крок пасля абрання новым канцлерам Фрыдрыха Мерца пайшла Нямеччына. Урад ФРГ пастанавіў не раскрываць звесткі пра пастаўкі Украіне дальнабойных ракетаў Taurus, а пасля засакрэціў усю інфармацыю, звязаную з ваеннай падтрымкай.
«Спачатку мы публікавалі ўсё. Потым задаліся пытаннем: навошта? Мы нават указвалі колькасць ракетаў і боепрыпасаў. У выніку зразумелі, што гэта дапамагае Пуціну, а не нямецкаму грамадству», – сказаў адзін з нямецкіх дыпламатаў.
У NATO нарастае занепакоенасць тым, што Расея карыстаецца інфармацыйнай адкрытасцю альянсу, кажуць крыніцы The Moscow Times.
«Усё, што абмяркоўваецца ці гаворыцца на прэс-канферэнцыях, амаль у рэальным часе з'яўляецца ў стужках навінаў Telegram. Складваецца ўражанне, што яны сочаць за гэтым нават больш уважліва, чым нашы ўласныя СМІ», – сказаў прадстаўнік адной з асноўных краінаў альянсу.
Паводле ягоных словаў, доўгія перамовы паміж міністрамі абароны і замежных справаў выклікалі павышаную цікавасць у расейскіх дзяржаўных медыя. Асабліва пільна сачылі за сустрэчай з міністрам абароны Украіны Рустэмам Умеравым, пасля якой стала вядома пра пастанову NATO вылучыць Украіне 20 млрд еўраў ваеннай дапамогі на 2025 год.
«Стужкі ТАСС і РІА Новости былі перапоўненыя падрабязнасцямі абмеркаванняў», – сказала крыніца.
Іншы суразмоўца паведаміў, што расейскія тэлеканалы актыўна аналізавалі заявы міністраў NATO ў сваіх флагманскіх праграмах, інтэрпрэтуючы іх у выгадным для Масквы ключы.
Крэмль робіць стаўку на тое, каб ператвараць нават самыя нязначныя эпізоды ў нагоды для скандалаў і канфліктаў. Такая стратэгія яскрава праяўляецца ў нядаўніх дэзынфармацыйных кампаніях супраць апанентаў Масквы.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон трапіў у цэнтр такіх намаганняў: спачатку праз чуткі, якія датычацца ягонай жонкі, а потым – у эпізодзе з аплявухай перад выхадам з самалёта на трап.
Аналагічныя тактыкі ўжываліся супраць іншых еўрапейскіх лідараў, якія падтрымліваюць Украіну, у тым ліку зноў Макрона, канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мерца і прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармера. Пракрамлёўскія тэлеканалы, анлайн-СМІ і папулярныя тэлеграм-каналы спрабавалі выдаць сурвэтку, якая ляжыць перад палітыкамі, за пакуначак з какаінам – з мэтай дыскрэдытацыі заходніх хаўруснікаў Кіева.