Іран пачаў новую хвалю ўдараў па Ізраілі
- 17.06.2025, 19:33
Тэгеран атакуе ракетамі і беспілотнікамі.
Пачалася новая хваля ўдараў Ірана ракетамі і беспілотнікамі па Ізраілі, паведамляе агенцтва Tasnim.
«Новая хваля атак з выкарыстаннем дронаў і ракетаў Паветрана-касмічных сілаў КВІР (Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі) пачалася некалькі хвілінаў таму», – гаворыцца ў паведамленні.
Пра новую хвалю ўдараў паведаміў таксама тэлеграм-канал КВІР. У паведамленні зазначаецца, што ракеты былі запушчаныя з розных пунктаў на тэрыторыі Ірана.
Войска абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) паведаміла, што ВПС Ізраіля ажыццяўляюць перахоп ракетаў, запушчаных Іранам.
«Некалькі хвілінаў таму ў шэрагу раёнаў Ізраіля прагучалі сірэны пасля выяўлення ракетаў, запушчаных Іранам у кірунку Ізраіля. У цяперашні час ВПС Ізраіля ажыццяўляюць перахоп і наносяць удары пры неабходнасці для ліквідацыі пагрозы», – гаворыцца ў паведамленні.
Раней 17 чэрвеня ў КВІР заявілі, што новая хваля магутных нападаў па Ізраілі з выкарыстаннем сучаснай зброі «будзе ўзмацняцца ў найбліжэйшыя гадзіны».
Раніцай іранскія вайскоўцы нібыта нанеслі ракетны ўдар па штаб-кватэры ізраільскай выведкі «Масад». Пазней у Тэгеране заявілі, што ў выніку атакі загінулі старэйшыя афіцэры і камандзіры спецслужбы. Улады Ізраіля пакуль не каментавалі заявы пра гібель вайскоўцаў.
Дарадца офіса прэм'ер-міністра Ізраіля Дзмітрый Гендэльман раней паведаміў, што з пачатку канфлікту па тэрыторыі Ізраіля было выпушчана блізу 400 ракетаў і сотні беспілотнікаў.
У Ізраілі за чатыры дні ваеннага канфлікту з Іранам загінулі 24 мірныя жыхары, раненні атрымалі 592 чалавекі, казаў Гендэльман. Іран заяўляе пра больш за 220 загінулых і больш за 1,8 тыс. пацярпелых.