BE RU EN

Еўропа нарэшце прыдумала, як адмовіцца ад расейскага газу

  • 17.06.2025, 19:59

Падрабязнасці.

На чацвёрты год агрэсіі Расеі супраць Украіны Еўразвяз нарэшце прыдумаў, як адмовіцца ад расейскага газу, каб скараціць магчымасці Крамля фінансаваць вайну і ціснуць на краіны ЕЗ. Калі план будзе рэалізаваны, да канца 2027 года Еўропа не будзе набываць у Расеі ні трубаправодны, ні звадкаваны прыродны газ, піша ВПС.

У прыбытку будуць ЗША – найбуйнейшы ў свеце вытворца нафты і газу і ключавы пастаўшчык энэргарэсурсаў у Еўропу. Пацерпяць жа еўрапейскія прыхільнікі расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў асобе ўладаў Вугоршчыны і Славакіі. Яны не спяшаюцца адмаўляцца ад таннага расейскага газу і тармозяць санкцыі ЕЗ супраць Расеі за вайну ва Украіне.

Менавіта таму Еўропа пайшла іншым шляхам.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну ЕЗ перастаў набываць расейскія нафту і вугаль, аднак ад газу адмовіцца было складаней. Да вайны Пуцін падсадзіў Нямеччыну і іншыя краіны Еўразвязу на газавую іголку, і за год да нападу на Украіну пачаў газавую вайну супраць Еўропы, справакаваўшы энэргетычны крызіс.

У гэтых умовах уводзіць санкцыі супраць расейскага газу ЕЗ не наважыўся, а пазней, калі былі наладжаныя альтэрнатыўныя пастаўкі, тормазам для санкцый былі якраз Вугоршчына і Славакія, якім кулуарна спачувалі два іншыя буйныя кліенты «Газпрама» – Аўстрыя і Італія.

Для санкцый патрэбная згода ўсіх 27 краінаў ЕЗ, у кожнай ёсць вета. Да таго ж санкцыі трэба прадаўжаць кожныя паўгода. Прапанаваны ў аўторак план дазволіць абысці гэтую перашкоду і зацвердзіць абмежаванні на імпарт расейскага газу раз і назаўжды кваліфікаванай большасцю.

«Расея неаднаразова спрабавала шантажаваць нас і выкарыстоўвала пастаўкі энэрганосьбітаў як інструмент ціску. Мы ўжылі канкрэтныя захады, каб назаўжды перакрыць кран і пакласці канец эпосе расейскага паліва ў Еўропе», – сказала кіраўніца Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.

Прапановы камісіі (фактычна, ураду ЕЗ) павінны зацвердзіць Еўрапарламент і кваліфікаваная большасць краінаў звязу.

Вугоршчына зноў супраць

ЕЗ даўно сфармуляваў мэту адмовіцца ад расейскіх энэрганосьбітаў да канца 2027 года, аднак да гэтага часу не мог прыдумаць, як зрабіць так, каб еўрапейскія кампаніі маглі абвесціць форс-мажор і не плаціць няўстойку «Газпраму» пасля адмовы выконваць абавязальніцтвы доўгатэрміновых кантрактаў на набыццё расейскага газу.

Самым простым спосабам было ўвесці санкцыі супраць расейскага газу, як супраць нафты і вугалю, але аднадушнасці ў гэтым пытанні дасягнуць не атрымалася. Новы план прадугледжвае паступовыя гандлёвыя абмежаванні на імпарт дзеля абароны энэргетычнай бяспекі ЕЗ.

Набыццё паводле новых кантрактаў прапануецца забараніць з 1 студзеня 2026 года, паводле існых кароткатэрміновых кантрактаў – з 17 чэрвеня 2026 года, паводле доўгатэрміновых – да канца 2027 года. Тады ж спыніцца набыццё расейскага звадкаванага газу.

Для Вугоршчыны і Славакіі зрабілі выключэнне: ім дазволілі імпарт паводле кароткатэрміновых кантрактаў да канца 2027 года. Аднак яны засталіся незадаволеныя і шукаюць новыя вагары ціску на ЭЗ.

Вугорскі міністр замежных справаў Петэр Сіярта прыгразіў, напрыклад, спыніць транзіт электраэнэргіі ва Украіну праз Вугоршчыну – а гэта амаль 40% усяго ўкраінскага імпарту з ЕЗ.

«Палітычна матываваны план Еўракамісіі забараніць расейскія энэрганосьбіты – сур'ёзная памылка, – напісаў міністр у сацсетцы Х. – Ён пагражае энэргетычнай бяспецы, вядзе да росту коштаў і парушае наш суверэнітэт. Яны хочуць, каб мы аплачвалі безразважную падтрымку Украіны».

Хопіць гэта трываць

ЕЗ і не хавае, што пытанне – палітычнае. І што план напісаны не дзеля эканамічнай выгоды, а для падтрымкі Украіны і абароны Еўропы ад энэргетычнага шантажу і газавай дыпламатыі Крамля.

«Еўрапейскі звяз пасылае Расеі вельмі выразны сігнал: досыць», – сказаў еўракамісар Дэн Ёргенсэн, прэзентуючы ў траўні план збавення ад расейскай нафтагазавай залежнасці.

«Мы больш не дазволім Расеі выкарыстоўваць супраць нас пастаўкі энэрганосьбітаў. Мы больш не дазволім шантажаваць краіны Еўразвязу. Мы больш не будзем дапамагаць Крамлю зарабляць грошы на вайну».

ЕЗ яшчэ раней забараніў набыццё расейскіх вугалю, нафты і нафтапрадуктаў. Да ўварвання амаль 50% еўрапейскага імпарту вугалю і 27% імпарту нафты ішлі з Расеі. Цяпер – амаль нуль.

Імпарт газу таксама скараціўся, але з іншых прычынаў: Крэмль закручваў кран, галоўны газаправод у Еўропу «Паўночны струмень» быў падарваны, а транзіт праз Украіну спыніўся. У выніку дзель расейскага газу ў еўрапейскім імпарце скарацілася з 45% да вайны да 13% летась, паводле звестак Еўракамісіі.

Так што еўры на вайну Крэмль прадаўжае зарабляць: у 2024 годзе ЕЗ павялічыў закупкі звадкаванага газу ў Расеі і ў цэлым заплаціў ёй за энэрганосьбіты 23 млрд еўраў, сказаў Ёргенсэн.

Амерыка напагатове

Адмова Еўропы ад расейскага газу на руку Амерыцы і можа стаць дадатковым козырам у складаных перамовах ЕЗ з Дональдам Трампам аб умовах перамір'я ў абвешчанай ім гандлёвай вайне.

ЗША разам з Катарам сталі галоўным пастаўшчыком газу ў Еўропу пасля пастановы Крамля прыкруціць кран. Цяпер ЗША могуць яшчэ больш замацавацца на самым багатым у свеце еўрапейскім газавым рынку.

Паводле звестак FT, на амерыканскі звадкаваны газ (ЗПГ) цяпер прыпадае блізу 20% еўрапейскага імпарту. Адміністрацыя Трампа спадзяецца падвоіць экспарт ЗПГ у найбліжэйшую пяцігодку, і ЕЗ – першы кандыдат.

Павелічэння набыцця амерыканскіх энэрганосьбітаў дамагаецца і Трамп у перамовах аб гандлёвых угодах. ЕЗ у гэтым выпадку нават не трэба даваць пустыя абяцанні: дадатковы газ яму сапраўды спатрэбіцца.

Таму ў Амерыцы пільна сочаць за лёсам абвешчанага сёння плану ЕЗ. Паводле звестак S&P Global, у ЗША ўжо гатовыя праекты выпуску звадкаванага газу на 45,5 млн тонаў за год, завязаныя на адмову Еўропы ад расейскага газу з 2027 года.

Калі ЕЗ раптам надумае аднавіць набыццё ў Расеі ў выпадку перамір'я або заканчэння вайны, амерыканская эканоміка не дачакаецца запланаваных пад гэтыя праекты 120 млрд даляраў інвестыцый.

Апошнія навіны