Людзей на пляжы ў Гішпаніі ратуе пудзель
- 17.06.2025, 21:32
Раней у камандзе вадалазных сабак служылі толькі лабрадоры.
На пляжы Лас-Ліндас недалёка ад Малагі з'явіўся незвычайны выратавальнік – двухгадовы пудзель мянушкай Ніла. Ён стаў першым прадстаўніком сваёй пароды ў мясцовай камандзе вадалазных сабак, дзе раней служылі толькі лабрадоры, піша CNN.
Беласнежны пудзель у выратавальнай камізэльцы і з крэмам ад сонца на носе хутка стаў зоркай узбярэжжа. Гішпанскія службы выратавання традыцыйна выбіраюць лабрадораў або ньюфаўндлендаў – пароды, прызнаныя моцнымі плыўцамі. Аднак Ніла здолеў змяніць гэтыя ўяўленні.
Як расказаў 45-гадовы інструктар дрэсіроўкі Мігель Санчэс-Мерэнсіяна, сабака ўдзельнічае ў выратаванні на вадзе супольна з кінолагам. «Я першым заходжу ў ваду, каб дабрацца да чалавека, які трапіў у бяду, – тлумачыць Мерэнсіяна. – Потым клічу Ніла ці іншага сабаку, каб дапамагчы вярнуць чалавека, які тоне, на бераг».
Паводле ягоных словаў, пудзелі гістарычна былі прыдатныя для воднай працы. Іх выкарыстоўвалі для выратавання на азёрах Паўночнай Еўропы, пры гэтым густая поўсць абараняла сабак ад холаду. Назва пароды паходзіць ад нямецкага слова puddeln, што значыць «плёскацца».
Зрэшты, шлях Ніла да прафесіі не быў лёгкім: «Ён баяўся гучных гукаў і натоўпу, таму трэніроўкі давялося выбудоўваць пакрокава». Прагрэс уражваў – з вертыкальнага, няўпэўненага плавання сабака перайшоў да гарызантальных грабкоў, «выкарыстоўваючы хвост як руль», – адзначыў дрэсіроўшчык.