Пашынян ударыў па Крамлёўскім клане ў Арменіі
- 18.06.2025, 10:03
Войскі спецыяльнага прызначэння з'явіліся каля брамы прарасейскага алігарха.
Арменія апынулася ў эпіцэнтры новага палітычнага крызісу. У сталіцы краіны прайшлі ператрусы і затрыманні, якія закранулі блізкага да Крамля алігарха. Сайт Dialog.UA разбіраўся ў дэталях.
У цэнтры падзей Самвел Карапецян - кіраўнік будаўнічага холдынгу «Ташыр», чыё імя непарыўна звязана з расейскім уплывам.
Паводле паведамленняў армянскіх СМІ, у доме Карапецяна ў Ерэване 17 чэрвеня працавалі спецпадраздзяленні паліцыі.
Афіцыйны прадстаўнік МУС пацвердзіў, што падчас спецаперацыі затрымана не менш за дваццаць чалавек, у тым ліку, сам алігарх.
Што стаіць за такой раптоўнай актыўнасцю сілавікоў, афіцыйна не раскрываецца. Аднак крамлёўская прапаганда сцвярджае, што ператрусы нібыта сталі прамым вынікам публічнага канфлікту паміж прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам і Армянскай апостальскай царквой, у абарону якой нядаўна выступіў Карапецян.
З канца траўня Пашынян неаднаразова выступаў з крытыкай на адрас ААЦ, абвінавачваючы яе лідара, Каталікоса Гарэгіна II, у парушэнні манаскіх абяцанняў і патрабуючы ягонай адстаўкі. Карапецян адкрыта стаў на абарону царквы.
«Невялікая група людзей надумала перапісаць нашу тысячагадовую гісторыю. Калі палітыкі не змогуць абараніць царкву, мы зробім гэта самі», - заявіў крамлёўскі алігарх.
Гэтыя словы прагучалі як прамая пагроза. Карапецян - не проста бізнэсовец. Ён - адзін з самых блізкіх Крамлю армянскіх прадпрымальнікаў, які пабудаваў імперыю ў Расеі і шчыльна звязаны з расейскімі ўладамі. Ягонае багацце Forbes ацэньвае на 3,2 мільярда даляраў, а ў рэйтынгу расейскіх мільярдэраў ён займае 44-е месца.
Прэм'ер-міністр Арменіі, рэагуючы на сітуацыю, апублікаваў пасланне з выклікам. «Гэта вам не вёска Ніжні Тапр у Калузе. Гэта Рэспубліка Арменія. Спадзяюся, смак дзяржавы застанецца ў вас у роце», - напісаў Пашынян.
Рэзананс ад дзеянняў армянскіх уладаў не прымусіў сябе чакаць. На сітуацыю адрэагавала галоўны рупар крамлёўскай прапаганды Маргарыта Сіманьян. У Telegram яна назвала дзеянні Пашыняна правакацыяй і не хавала пагроз: «Разышоўся, як несмяротны. Глядзі, як бы табе самому не апынуцца з чым-небудзь вельмі непрыемным ў роце», - напісала яна.
Карапецян, будучы выхадцам Арменіі, заўсёды падкрэсліваў сваю лаяльнасць Маскве і асабіста Уладзіміру Пуціну, застаючыся важнай фігурай у неафіцыйнай вертыкалі расейскага ўплыву на Каўказе. Для Масквы яго арышт - удар па самой сістэме ўплыву, якая выбудоўвалася ў рэгіёне дзесяцігоддзямі.