УСУ атрымалі новыя ўдарныя дроны французскай вытворчасці
- 18.06.2025, 14:27
Сталі вядомыя асаблівасці гэтай зброі.
УСУ пачалі масава выкарыстоўваць новы баражавальны набой MV-25 OSKAR, распрацаваны французскай кампаніяй KNDS France ў супрацоўніцтве з DELAIR і EOS Technologie.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на прэс-службу кампаніі KNDS Group.
У кампаніі адзначаюць, што новы ўдарны беспілотнік належыць да лінейкі MATARIS, якая ўключае некалькі мадэляў з рознай далёкасцю палёту і прызначэннем.
Распрацоўнікі дадаюць, што MV-25 OSKAR ўжо атрымаў станоўчыя водгукі ад розных падраздзяленняў УСУ. Яго распрацоўка і ўкараненне занялі ўсяго два гады, а першыя баявыя выпрабаванні адбыліся ў чэрвені 2024 года.
Згодна з канцэпцыяй гэты ўдарны дрон прызначаны для знішчэння пяхоты і лёгкабраняванай тэхнікі. Ён абсталяваны аскепкава-фугаснай боегалоўкай масай 550 грамаў і здольны дзейнічаць на дыстанцыі да 25 км, знаходзячыся ў паветры да 45 хвілін.
Са слоў прадстаўнікоў кампаніі-распрацоўніка, MV-25 OSKAR лёгкі ў разгортванні і не патрабуе ўзлётна-пасадачнай паласы або падрыхтаванай мясцовасці. Апарат мае нізкую радыёлакацыйную прыкметнасць і выкарыстоўвае ўстойлівы да перашкод канал перадачы звестак, што дазваляе ажыццяўляць навігацыю ва ўмовах адсутнасці спадарожнікавага сігналу.