Экспэрт: У Ірана заканчваюцца ракеты, вытворчасць новых немагчымая
- 18.06.2025, 14:33
Уразлівасці "папяровага тыгра" сталі відавочныя.
Былы кіраўнік стратэгічнага аддзела ў ізраільскай вайсковай выведцы Дэні Цытрыновіч заявіў, што ракетныя запасы Ірана высільваюцца. Як паведамляе Iran International, у пачатку канфлікту выведка Ізраіля ацэньвала, што ў Ірана каля дзвюх тысяч ракет, аднак ва ўмовах пастаянных удараў па пускавых устаноўках і вытворчых аб'ектах Тэгеран сутыкаецца з цяжкасцямі пры перагрупоўцы і папаўненні арсенала.
«Яны разумеюць, што гэта доўгая вайна, і падлічваюць, што ў іх засталося», — адзначыў Цытрыновіч. Ізраіль, паводле ягоных слоў, валодае паветранай перавагай і працягвае наносіць удары па ключавой інфраструктуры. Таксама экспэрт падкрэсліў, што ліквідацыя камандзіра ракетнай праграмы брыгаднага генерала Аміра Алі Хаджызадэ сур'ёзна падарвала аператыўныя магчымасці Ірана.
Цытрыновіч адзначыў, што запуск 100-200 ракет адначасова становіцца амаль немагчымым, бо Ізраіль наносіць удары па пускавых кропках і кантралюе тэрыторыю. Вытворчыя магутнасці таксама разбураныя, і, з ягоных слоў, «тое, з чаго Іран пачаў, — гэта ўсё, што ў яго засталося да канца вайны».
Заходняя выведвальная крыніца, якая пажадала застацца ананімнай, заявіла, што ўразлівасці Ірана сталі відавочныя. Ён адзначыў, што Іран не здольны зраўняцца з Ізраілем ні ў наступальнай, ні ў абарончай моцы, і пазбягае нападаў на амерыканскія сілы, каб не ўцягнуць ЗША ў канфлікт. "Іран - гэта папяровы тыгр. Вось чаму ён так старанна імкнецца да валодання ядзернай зброяй", - дадаў ён.