У цэнтры Менска з'явілася статуя качкі
- 18.06.2025, 21:23
Год таму менская качка праславілася ў сацсетках.
Памятаеце качку, якая выседжвала свае яйкі проста ў цэнтры Менска? Дык вось, яе гісторыя атрымала слаўнае заканчэнне.
Лапчатай усталявалі статую з бронзы ля галаўнога офіса АшчадБанка. Прычым зрабілі гэта ў тым самым месцы, дзе качка выседжвала свае яйкі, піша «Точка».
Ідэю арт-аб'екта падказала сама прырода. Год таму менская качка праславілася ў сацсетках, выбраўшы для кладкі клумбу насупраць штаб-кватэры банка.
Супрацоўнікі абгарадзілі тэрыторыю, паставілі паілку і завалілі садавіной. У банку нават прыдумалі птушцы імя – Капейка, але ў народзе прыжылося іншае – СберУтка.
З яек вылупіліся шэсць качанятаў, якіх мама павяла да Свіслачы. Кранальная гісторыя клопату пра дзяцей натхніла АшчадБанк на стварэнне ўнікальнага арт-аб'екта.
Канцэпцыю выбіралі падчас адкрытага конкурсу. Пераможцам стаў Міхаіл Дзмітрук, які працуе інжынерам у газатранспартнай кампаніі. У сваім праекце ён абыграў адвагу і клопат.
Скульптура зробленая ў натуральную велічыню і з высокай дакладнасцю паўтарае знешнасць той самай качкі. Важыць твор мастацтва блізу 20 кг і трывала прымацаваны да клумбы.