У Менску з малатка сыдзе завод
- 19.06.2025, 12:10
Гаворка ідзе аб прадпрыемстве «Белгідраўліка».
Уладальнік буйнога беларускага вытворцы горна-шахтавага абсталявання прадае адзін са сваіх актываў. Інфармацыя пра гэта з'явілася на пляцоўцы B4Y.by.
Гаворка ідзе аб прадпрыемстве «Белгідраўліка». Яно ўваходзіць у склад «Ніва-холдынгу» беларускага бізнэсоўцы Сяргея Рамановіча. Холдынг быў створаны ў канцы траўня 2015 года. Ён займаецца выпускам поўнага спектру абсталявання для здабычы і ўзбагачэння карысных выкапняў, а таксама яго абслугоўваннем. У склад холдынгу ўваходзіць 12 прадпрыемстваў.
Прадпрыемства «Белгідраўліка» было створанае ў траўні 2001 года. Яго спецыялізацыя - вытворчасць гідраапаратуры, помпавых станцый, трансфарматарных падстанцый, рознага дапаможнага абсталявання, а таксама яго мантаж, наладка і рамонт. Усяго ж у яго асартыменце больш за 20 найменняў прадукцыі.
Прадпрыемства цалкам размешчанае на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» і займае тэрыторыю на 1,1203 га. На ім размешчаны вытворчыя карпусы плошчай на 7860 «квадратаў», цэх металаапрацоўкі, фарбавальная камера, склады, офісныя памяшканні, рознае вытворчае абсталяванне.
У аб'яве сказана, што «Белгідраўліка» — дзейнае прамысловае прадпрыемства з устойлівым бізнэсам, развітай кліенцкай базай і гатовай інфраструктурай. Сярод пастаянных заказчыкаў ёсць беларускія прадпрыемствы «Беларуськалій» і «БелАЗ», расейскія «Уралкалій» і «Северсталь», а таксама кампаніі з Казахстана і іншых краін СНД.
За «Белгідраўліку» ўладальнік хоча амаль $5 млн. Пры гэтым «Ніва-Холдынг» разглядае продаж як 100%-ай дзелі ў прадпрыемстве, так і яго асобных будынкаў і збудаванняў.