Названая дата магчымага ўдару ЗША па Іране
- 19.06.2025, 12:11
Трамп у апошнія дні пачаў схіляцца да варыянту сілавога ўмяшання.
ЗША ў найбліжэйшыя дні могуць наўпрост умяшацца ў канфлікт паміж Ізраілем і Іранам і нанесці ўдары па ключавых аб'ектах на іранскай тэрыторыі.
Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША.
Магчымая атака разглядаецца ўжо на 21-22 чэрвеня, аднак канчатковая пастанова яшчэ не прынятая. Пры гэтым урадавыя ўстановы ЗША рыхтуюцца да магчымага ўдару, што можа сведчыць аб фармаванні інфраструктуры для прамога ўключэння Вашынгтона ў канфлікт з Тэгеранам.
Bloomberg адзначае, што прэзідэнт Дональд Трамп у апошнія дні пачаў схіляцца да варыянту сілавога ўмяшання праз ціск рэспубліканскіх хаўруснікаў. Сэнатар Ліндсі Грэм актыўна прасоўвае ідэю ўдару, падкрэсліваючы рост пагрозы ядзернай праграмы Ірана.
«Ён даў ім шанец на дыпламатыю. Думаю, яны памыліліся. Чым хутчэй мы скончым з гэтай пагрозай для чалавецтва, тым лепш», - заявіў Грэм.
Прэзідэнт Трамп пацвердзіў, што разглядае розныя варыянты дзеянняў: «Я магу гэта зрабіць, а магу гэтага не зрабіць». У Белым доме адзначаюць, што цяпер «усе варыянты застаюцца на стале».