BE RU EN

«Белавія» купіла небяспечныя самалёты?

  • 19.06.2025, 12:20

Чаму купля Беларуссю самалётаў - не падстава для радасці.

Нядаўна стала вядома, што ў Беларусь даставілі тры самалёты Airbus A330, якія былі раней набытыя ў Гамбіі ў абыход санкцый. Вядома, што цяпер яны знаходзяцца ў дрэнным тэхнічным стане. Акрамя гэтага, з Расеі ў Менск рэгулярна лётаюць рэйсы на Sukhoi Superjet - днямі ў аднаго з такіх лайнераў агаліўся рухавік пры ўзлёце з маскоўскага аэрапорта.

- Ёсць два светы. Адзін увесь час імкнецца да бяспекі, у яго паветранай прасторы выконваюцца ўсе законы і стандарты. Гэты свет лётае досыць бяспечна. З 24 лютага 2022 года ёсць іншы свет, які жыве паводле іншых законаў, — кажа авіяцыйны экспэрт Канстанцін Крывалап у эфіры Malanka Media. - І рызыкі за карыстанне авіяцыйнымі перавозчыкамі кладуцца на плечы саміх людзей.

У самалётаў, якія не абслугоўваюць, ёсць дзве глабальныя рызыкі: Адмова рухавіка і адмова шасі, а таксама адсутнасць абнаўлення софту, што таксама вельмі небяспечна.

Калі казаць пра Сухі Суперджэт, якія лётаюць у тым ліку ў Менск, то экспэрт адзначае: да 2019 года было выпушчана 230 такіх машын. Аднак частка з іх ужо прыйшла ў непрыдатнасць у сувязі з катастрофамі.

- Дзяржаўная дума нават прыняла пастанову забараніць эксплуатацыю і вытворчасць гэтых самалётаў. Але калі Расея сутыкнулася з вострай нястачай авіяцыйнага парку ў сувязі з праблемамі з Boeing, Airbus і іншымі, была прынятая пастанова, што Расея зробіць свой імпартазамешчаны самалёт.

Калі паглядзець у гісторыю, то гэта быў праект, які фактычна фінансаваўся банкірамі. У Сухога Суперджэта, які зрабілі, было 70% заходняй камплектацыі. Было створана таксама супольнае прадпрыемства, але пасля гарачай фазы вайны яно спыніла працу.

Такім чынам, у гэтых самалётаў няма замены рухавікоў і нармальнага абслугоўвання. І калі яны пачалі гаварыць пра імпартазамяшчэнне, гэты Сухі Суперджэт у іх не пайшоў.

Што тычыцца куплі Беларуссю самалётаў Airbus A330, то экспэрт адзначае: кампанія забараніла продаж сваіх самалётаў у Беларусь, аднак Гамбія ўсё роўна гэта зрабіла.

- Гэта не тая краіна, якая баіцца санкцый. Таму ўзялі і рашуча прадалі Беларусі гэтыя самалёты. Гамбійцам яны, відавочна, ужо былі не патрэбныя, бо знаходзіліся ў стане, калі лётаць на іх было небяспечна. Зараз усе рызыкі прымаюць авіяперавозчыкі і страхавыя кампаніі. А страхавыя кампаніі ў Беларусі - гэта ж з разраду: «як Лукашэнка загадае, так і будзе».

Са слоў экспэрта, няправільнае абслугоўванне самалётаў прыводзіць да негатыўных наступстваў. Можна паглядзець на Расею: там адбываецца каля пяці авіяцыйных інцыдэнтаў на тыдзень.

Апошнія навіны