У Беларусі затрыманыя 56 работнікаў кол-цэнтраў
- 19.06.2025, 12:49
Яны падманным шляхам прадавалі БАДы.
Сілавікі затрымалі ўдзельнікаў арганізаванай групы, якая займалася продажам харчовых прадуктаў пад выглядам лекавых сродкаў. Злачынная схема прыносіла зламыснікам мільённыя даходы.
Як паведаміў начальнік аддзела 5-й управы ГУБАЗіК МУС Сяргей Ванагель, ашуканцы пад кіраўніцтвам грамадзяніна Расеі ў 2021 годзе стварылі ўласную сетку кол-цэнтраў і онлайн-крам, былі адкрыты офісы ў Менску, Баранавічах, Бабруйску і Барысаве.
Зламыснікі пераконвалі людзей з сур'ёзнымі захворваннямі адмовіцца ад сапраўдных лекаў на карысць сваёй прадукцыі, якая напраўду проста звычайны крухмал, выраблены на заводзе ў Алтайскім краі.
Сабекошт адной упакоўкі «цуда-сродку» складаў усяго 1-3 рублі, тады як прадавалі яго не менш чым за 135 рублёў. Для надання бачнасці легітымнасці злачынцы распаўсюджвалі ў Інтэрнэце і СМІ фальшывыя медыцынскія рэкамендацыі, падробленыя сертыфікаты якасці і фальшывыя звесткі аб клінічных выпрабаваннях.
Паводле інфармацыі начальніка аддзела следчай управы УСК Менска Максіма Дзегцярова, на сваіх сайтах ашуканцы выкарыстоўвалі дзяржаўную сімволіку і ўводзілі ў зман пакупнікоў фармулёўкамі накшталт «сацыяльная зніжка» і «квота Міністэрства аховы здароўя».
Кансультанты кол-цэнтраў выкарыстоўвалі метады псіхалагічнага ўздзеяння, прапаноўваючы «лячэнне» практычна ад усіх хвароб: ад артрыту да паразы печані.
Падчас аператыўных мерапрыемстваў затрыманыя 56 чалавек, уключаючы арганізатараў схемы, бухгалтараў і мэнэджараў. Шэсць найбольш актыўных удзельнікаў былі ўзятыя пад варту – ім выстаўленае абвінавачванне ў махлярстве, учыненым арганізаванай групай.
Накладзены арышт на маёмасць фігурантаў і падкантрольных ім юрыдычных асоб на суму больш як 1 млн рублёў.