BE RU EN

У Беларусі забароняць карыстацца слухаўкамі на чыгуначных платформах

  • 19.06.2025, 14:37

З ініцыятывай выступіў Мінтранс.

Міністэрства транспарту вынесла на грамадскае абмеркаванне праект змяненняў у правілы знаходжання на чыгунцы. Сярод прапаноў – забараніць карыстацца слухаўкамі на пасажырскіх платформах і ездзіць у кабінах цягнікоў.

Праект пастановы Міністэрства транспарту і камунікацый апублікавалі на прававым форуме для грамадскага абмеркавання. Яно працягнецца да 29 чэрвеня.

Гэта пастанова змяняе правілы знаходжання грамадзян у зонах падвышанай небяспекі, праезду і пераходу праз рэйкі.

Мінтранс прапануе абавязаць грамадзян трымаць за руку ці несці на руках дзяцей да 14 гадоў пры пераходзе праз чыгунку.

У правілах застаецца забарона ісці праз пераход і адначасова карыстацца мабільнікамі, слухаўкамі, планшэтамі ды іншымі дэвайсамі. Цяпер жа дадаюць забарону на праезд пешаходных пераходаў на мотаблоках, матацыклах, мапедах, роварах, самакатах, роліках, лыжах, а таксама іншых сродках персанальнай мабільнасці.

Шэраг змяненняў прапануецца ў пункт, які тычыцца зон падвышанай небяспекі. Такімі зонамі лічацца рэйкі і ўсё, што побач з імі: станцыі, прыпыначныя пункты, пасажырскія платформы і «іншыя аб'екты арганізацый чыгуначнага транспарту».

Грамадзянам, напрыклад, забароняць заходзіць у кабіны цягнікоў і лакаматываў і ездзіць там (высвятляецца, у цяперашняй рэдакцыі Правілаў такой забароны няма), затрымліваць адпраўленне цягнікоў, саскокваць з платформаў і знаходзіцца пад імі

Акрамя таго, на платформах нельга будзе карыстацца слухаўкамі.

Удакладняецца таксама, што на роварах, самакатах, роліках і іншых падобных сродках забаронена ездзіць па платформах тады, калі побач праязджае або стаіць цягнік.

Агулам у зонах падвышанай небяспекі не будзе дазволена выкарыстанне піратэхнікі і лазерных указак.

Калі ў цяперашніх правілах забаронена лавіць толькі з чыгуначных мастоў, то будзе нельга і пад імі, а таксама на адлегласці 50 метраў ад іх. Там жа забароняць яшчэ і купацца.

Яшчэ ў гэтым дакуменце прапісалі, як варта ажыццяўляць выпас жывёліны паблізу рэек і прагонаў сельскагаспадарчых жывёл праз чыгуначныя пераезды.

Апошнія навіны