BE RU EN

У Беларусі дазволілі набываць арэнднае жыллё

  • 19.06.2025, 22:02

Нядаўна Лукашэнка прапаноўваў «задарма аддаваць» яго ва ўласнасць.

Аляксандр Лукашэнка 19 чэрвеня падпісаў указ №235, які датычыцца арэнднага жылля. Дакументам далі магчымасць некаторым катэгорыям насельніцтва выкупляць такую нерухомасць. Пра гэта паведамляе прэс-служба дыктатара.

«Грамадзянам найбольш запатрабаваных прафесій будзе давацца права набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек (акрамя Менскага раёна) пры пэўных умовах», - паведамляе прэс-служба ўзурпатара.

Але ёсць некалькі ўмоў, каб набыць ва ўласнасць такое жытло. Па-першае, трэба мець патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па-другое, мець стаж працы ў арганізацыі, якая выдзеліла жыллё. Па-трэцяе, пражываць у такім жыллі не менш за 10 гадоў.

Але ёсць і іншыя патрабаванні. Ахвотныя набыць такое жыллё і іх сямейнікамі не павінны былі раней звяртацца па дзяржпадтрымку пры ўзвядзенні, рэканструкцыі або набыцці жылля. Таксама ў іх павінны адсутнічаць іншыя жылыя памяшканні ва ўласнасці ў населеным пункце па месцы знаходжання арэнднага жылля.

Аплату кошту арэнднага жылля можна будзе зрабіць у растэрміноўку на 15 гадоў, а таксама выкарыстоўваць на гэта імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» і сродкі сямейнага капіталу.

«Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, дзяржаўныя органы (арганізацыі) будуць надзеленыя правам перадачы ва ўласнасць наймальнікаў размешчаных у вёсцы аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах дзяржаўнага жылога фонду, якія эксплуатуюцца больш за 10 гадоў і патрабуюць капрамонту, — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. - Пры гэтым такое жыллё, выдзеленае на час працоўных дачыненняў, можа быць перададзенае ва ўласнасць грамадзян, якія маюць стаж працы, не меншы за 5 гадоў у арганізацыі, якая выдзеліла жылое памяшканне».

Нагадаем, 29 траўня на нарадзе Лукашэнкі і ўрада чыноўнікі пастанавілі больш актыўна ўзяцца за пытанне з арэндным жыллём. Размова ў тым ліку аб тым, каб падрыхтаваць правілы, паводле якіх такую нерухомасць можна будзе выкупляць.

«Пытанне, якое павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку, - заявіў тады Лукашэнка, кажучы пра арэнднае жыллё. - Налета мы выйдзем да беларусаў з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які будзе разгледжаны на «Усебеларускім народным сходзе». Да гэтай сустрэчы трэба дакладна і зразумела адрэгуляваць усе раздзелы: дзе, хто, наколькі хутка і на якіх умовах можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё. І з цягам часу набыць яго па жаданні ва ўласнасць. Прычым нават у растэрміноўку».

Са слоў дыктатара, гэта асабліва важна для невялікіх населеных пунктаў (да 20 тысяч чалавек) і будзе добрым стымулам для людзей.

«Прынцып нескладаны: прапрацаваў пэўную колькасць гадоў, дапусцім 10 ці 15, без перапынку ў арганізацыі, якая табе выдзеліла жыллё ў арэнду, тады атрымліваеш права выкупіць яго ва ўласнасць. Гэта прынцыповае пытанне, аб якім вельмі шмат дыскусій. І людзі ставяць перад намі гэтае пытанне», - сказаў Лукашэнка.

Дыктатар тады падкрэсліў, што пастановы аб арэндным жыллі «павінны быць сістэмнымі і аднолькава прымальнымі для людзей і эканомікі рэгіёну, асабліва ў кантэксце замацавання кадраў».

«Можа, дом мэтазгодна маладому спецыялісту недзе ў мядзведжым куце, як у нас кажуць (хоць у Беларусі ўжо такіх няма), і падарыць. Дарма аддаць. Магчыма, у кагосьці ёсць альтэрнатыўнае меркаванне, давайце абмяркуем. Я думаю, мы можам абмеркаваць гэта. І яшчэ. На гэты момант вы прапануеце падзяліць гэтыя пытанні на два ўказы. Не ведаю. Спецыялісты тут ёсць. Можа быць, больш разумна зрабіць адзін усёабдымны дакумент, і чалавеку, які прымае пастанову ў гэтым пытанні, будзе прасцей», - дадаў узурпатар.

Апошнія навіны