У цэнтры Гародні абрынуўся мур старадаўняга дома
- 2.06.2025, 11:09
Будынак знаходзіўся на рэканструкцыі.
Панядзелак у будаўнікоў на адным з аб'ектаў па вуліцы Вялікай Траецкай не ўдаўся. Сёння раніцай тут абрынулася сцяна дома, які знаходзіцца на рэканструкцыі. Цэгла праламала агароджу будпляцоўкі і высыпаліся на праезную частку, піша newgrodno.by.
Усё адбылося а 9.20. Дагэтуль, на шчасце, ранішні час-пік пайшоў на спад, таму рух на вуліцы быў не самым інтэнсіўным. Цэгла нікога не закранула. Ні людзі, ні аўтамабілі не пацярпелі.
Што стала прычынай абрынання, яшчэ трэба будзе выявіць.
Нагадаем, два дамы - №31 і №33 – па вуліцы Вялікай Траецкай яшчэ пару гадоў таму выкупіў інвестар. Паводле плану пабудовы планавалі аб'яднаць і рэканструяваць пад рэстарацыю.
Работы пачаліся ў гэтым годзе. Вядома, што будынкі, пабудаваныя ў 1900 годзе, знаходзіліся ў аварыйным стане.