BE RU EN

У Белавежскай пушчы маюць намер аднавіць страчаную папуляцыю рэдкай расліны

  • 2.06.2025, 11:31

Яна ўключаная ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У нацыянальным парку "Белавежская пушча" займаюцца аднаўленнем страчанай папуляцыі рэдкага валяр'яну двухдомнага, паведамляе БелТА са спасылкай на нацыянальны парк.

Спецыялісты звяртаюць увагу, што валяр'ян двухдомны - выключна рэдкая рэліктавая расліна. "У Белавежскай пушчы валяр'ян двухдомны ўпершыню быў выяўлены яшчэ ў 1955 годзе батанікам Барысам Зефіравым. На той момант гэта было адзінае пэўна вядомае месца вырастання гэтага віду для тэрыторыі не толькі нашай краіны, але і ўсяго былога СССР. Аднак ужо ў сярэдзіне 1980 гадоў невялікую папуляцыю валяр'яну, якая займала тэрыторыю ўсяго блізу 1 кв.м, не змаглі выявіць», - заўважылі ў навуковым аддзеле нацпарка.

Аднаўленнем страчанай папуляцыі заняліся навукоўцы з Белавежскай пушчы і іх калегі з Інстытута экспэрыментальнай батанікі імя В.ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Быў падабраны пляц, які экалагічнымі характарыстыкамі максімальна набліжаны да натуральнага месцапражывання. Там спецыялісты высадзілі дарослыя квітнеючыя расліны валяр'яну.

Валяр'ян двухдомны ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Апошнія навіны