Пуцін праглынуў язык пасля ўдараў Украіны
- 2.06.2025, 12:36
Вышэйшыя чыны РФ маўчаць.
Пуцін больш за дзень захоўвае маўчанне пасля серыі надзвычайных здарэнняў у Расеі ў выходныя, калі спачатку ў Бранскай і Курскай абласцях абрынуліся масты на чыгунцы, а затым пад беспрэцэдэнтны ўдар УСУ патрапілі базы стратэгічнай авіяцыі РФ, піша The Moscow Times.
Пуцін нічога не сказаў пра здарэнні на чыгунках у суботу, у выніку якіх 7 чалавек загінулі і больш за 100 пацярпелі. Без каментароў ад Пуціна засталася атака на авіябазы ў Мурманскай, Іркуцкай, Разанскай і Іванаўскай абласцях, у выніку якой, паводле звестак OSINT-аналітыкаў былі знішчаныя не менш за 13 стратэгічных бамбавікоў. У панядзелак прэс-служба Крамля толькі апублікавала віншаванне Пуціна з нагоды 70-годдзя касмадрома Байканур, у якім прэзідэнт ніяк не згадаў надзвычайныя здарэнні. Паводле ўкраінскіх звестак, у выніку атакі былі пашкоджаныя або знішчаныя 40 самалётаў — або траціна ўсіх стратэгічных бамбавікоў — носьбітаў ядзернай зброі.
«Праглынуў язык» і раней шматслоўны намеснік старшыні Рады Бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў, які ў канцы траўня двойчы пагражаў Кіеву і Захаду ядзернай вайной. Змоўклі дэпутаты Думы, а Мінабароны РФ абмежавалася скупой справаздачай, у якой прызнала «ўзгаранне некалькіх адзінак тэхнікі».
Ніяк не пракаментаваў тое, што адбылося кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах з Кіевам Уладзімір Мядзінскі. У нядзелю ўвечары, неўзабаве пасля прызямлення ў Стамбуле, Мядзінскі паведаміў «РІА Новости», што ў яго «добры настрой».